Галахер пра візіт ва Украіну: не забуду вочы тых, хто страціў усё
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі завяршыў шасцідзённы візіт ва Украіну, які здзяйсняў у якасці папскага легата на ўрачыстасці з нагоды 35-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду ў гэтай краіне.
Іерарх прыняў удзел у святкаванні ў Бярдзічаве, сустрэўся з бежанцамі, каталіцкімі супольнасцямі ўсходняга і лацінскага абрадаў, прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і кіраўніцтвам МЗС, наведаў месцы, якія падвергліся бамбардзіроўкам, пачуў сведчанні людзей, якія спазналі жахі вайны. Уражаннямі ад падарожжа ён падзяліўся ў інтэрв’ю Рабэрта Пальялонга з ватыканскіх СМІ.
“Стомленасць народа ад гэтага гвалту бачная няўзброеным вокам. У той жа час сустракаеш рашучы, трывалы народ, свядомы таго, як шмат ахвяр прынеслі грамадзяне дзеля сваёй краіны. Шчыра кажучы, мяне вельмі кранула мужнасць людзей, іх рашучасць і вера ў Бога Айца. Імкненне весці як мага больш нармальнае жыццё: працягваць сваю працу, клапаціцца пра дзяцей, пільнавацца старэйшых, імкнуцца развіваць дух салідарнасці паміж тымі, хто пакутаваў пад бамбардзіроўкамі. Я быў уражаны іх высакароднасцю духу і непахіснасцю ў жаданні захаваць сваю свабоду і незалежнасць”, - сказаў арцыбіскуп Галахер.
Іерарх звярнуў увагу на глыбокую перакананасць украінцаў у тым, што яны вядуць барацьбу за існаванне сваёй нацыі. “Вядома, мы ведаем, што паміж некаторымі ёсць дыскусіі вакол розных гістарычных аспектаў, якія ляжаць у аснове той ці іншай пазіцыі. Але сённяшняя рэальнасць такая: гэта краіна хоча працягваць быць тым, чым яна была да вайны, і дзеля гэтага людзі гатовы пакутаваць”, - сказаў ён.
Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што ўкраінскія ўлады і простыя людзі выказвалі вялікую ўдзячнасць за падтрымку з боку Папы. Ён запэўніў у гатоўнасці Святога Пасада працягваць сваю гуманітарную місію, у тым ліку па вяртанні вывезеных у Расію дзяцей і абмену палоннымі, а таксама заставацца пляцоўкай для дыялогу з міжнароднай супольнасцю.
На пытанне пра тое, калі ва Украіну зможа прыехаць сам Папа, іерарх адказаў, што Пантыфік вельмі сур’ёзна ставіцца да гэтага запрашэння. “З нашага боку мы вывучым умовы, каб вызначыць час і фармат, якія будуць найбольш плённымі для Украіны і для міру ва ўсім свеце”, - сказаў ён.
Гаворачы пра магчымасць спынення агню, іерарх заўважыў, што “ў гэтыя дні бачыў з украінскага боку вялікую гатоўнасць працаваць у гэтым кірунку”. “Мне цяжка зараз сказаць, ці магчыма дасягнуць гэтага ў кароткія тэрміны, але мы павінны рухацца ў гэтым кірунку. Акрамя таго, як мы бачылі ў санктуарыі ў Бярдзічаве – і як ведаем з гісторыі гэтага месца надзвычайнай марыйнай набожнасці, слаўнага дзесяткамі аздараўленняў, – мы не павінны выключаць і магчымасць цуду”, - дадаў ён.
Іерарх прызнаўся, што самым моцным успамінам, які ён прывязе з сабой у Рым, застануцца вочы людзей, якія страцілі ўсю сваю маёмасць у разбомбленых дамах, але не страцілі годнасці і спадзявання на лепшую будучыню.