Галахер: стварыць умовы для справядлівага міру ва Украіне
Тэкст: Раберта Пальялонга / Адаптацыя: Марыя Валодзіна
Місія арцыбіскупа Галахера працягнецца з 16 па 21 ліпеня 2026 года. Яна прымеркавана да ўрачыстасцяў, якія адбудуцца 19 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Святога Шкаплера ў Бярдзічаве. Юбілей аднаўлення структур лацінскага абраду ва Украіне супадае з успамінам аб апостальскім падарожжы святога Яна Паўла ІІ, які наведаў краіну ў 2001 годзе.
16 ліпеня арцыбіскуп Галахер прыбыў у польскі Кракаў, а затым працягнуў шлях на аўтамабілі ў суправаджэнні апостальскана нунцыя ва Украіне арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса. На памежным пункце "Кракавец" ватыканскую дэлегацыю сустрэлі пасол Украіны пры Святым Пасадзе Андрэй Юраш і прадстаўнікі міністэрства замежных спраў Украіны. Адтуль яны накіраваліся ў Львоў.
Раніцай 17 ліпеня арцыбіскуп Галахер сустрэўся ў курыі з арцыбіскупам Львоўскім Мечыславам Макшыцкім, а таксама з прадстаўнікамі абласных і гарадскіх уладаў.
Папскі легат падкрэсліў, што Касцёл і Леў XIV не забываюцца на пакуты ўкраінскага народа і прынесеныя ім ахвяры. Справядлівае завяршэнне вайны азначае аднаўленне міру ў гэтай частцы Еўропы, для гэтага неабходна стварыць справядлівыя ўмовы, - адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.
Раніцай у капліцы курыі іерарх прыняў удзел у малітве і хвіліне маўчання ў памяць аб ахвярах вайны. Гэта традыцыя ўзнікла ў першыя дні вайны ў лютым 2022 года, а пасля была замацавана заканадаўча: людзі па ўсёй Украіне перарываюць працу, заняткі і паўсядзённыя справы, каб ушанаваць памяць загінуўшых.
Затым Папскі пасланнік наведаў Украінскі каталіцкі ўніверсітэт, дзе вучацца каля 30 тысяч студэнтаў. Універсітэцкі гарадок абсталяваны сучаснымі бамбасховішчамі, якімі падчас паветраных трывог могуць карыстацца і жыхары найбліжэйшых раёнаў. Будынкі ўніверсітэта хоць і не падвяргаліся прамым атакам, неаднаразова апыналіся ў зоне расійскіх абстрэлаў. Два гады таму ракета разарвалася за некалькі сотняў метраў ад кампуса, у выніку чаго загінулі некалькі чалавек. Усяго за час вайны загінула каля сарака студэнтаў універсітэта і іх сем'яў.
“Вайна тут адчуваецца штодня”, – адзначыў кіраўнік універсітэта мітрапаліт Барыс Гудзяк, знаёмячы арцыбіскупа Галахера з жыццём навучальнай установы. Ён распавёў пра праграмы падтрымкі людзей з інваліднасцю, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай універсітэцкай дзейнасці. Універсітэт імкнецца выхоўваць не толькі высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і людзей, гатовых бескарысліва служыць іншым, - падкрэсліў ён.
У другой палове дня арцыбіскуп Галахер наведаў парафію святога Яна Паўла II у Роўна, пасля чаго прыбыў у апостальскую нунцыятуру ў Кіеве, дзе ўвечары сустрэўся з главой Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, архіепіскапам Святаславам Шаўчуком.