Арцыбіскуп Галахер у Кіеве: няма і дня, каб Папа не маліўся за вас
Аляксандр Панчанка – Vatican News
18 ліпеня 2026 года пасланнік Папы на святкаванне 35-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду ва Украіне наведаў шэраг аб’ектаў у Кіеве, якія пацярпелі ад бамбардзіровак, паведаміў Раберта Пальялонга – журналіст “Vatican News”, які суправаджае арцыбіскупа ў падарожжы.
Першым з наведаных ім месцаў стаў сталічны касцёл святога Мікалая, які, дзякуючы таксама дыпламатычнай працы Святога Пасада, некалькі месяцаў таму ўлады перадалі ў карыстанне каталіцкай супольнасці лацінскага абраду. У гэтым храме працягваюцца рамонтныя працы: у снежні 2024 года ў яго трапіла расійская ракета.
Арцыбіскуп Галахер памаліўся з парафіянамі за мір ва Украіне, заклікаў іх заставацца вытрывалымі ў веры і запэўніў у блізкасці Папы. “Няма і дня, каб ён не маліўся за Украіну і за вас – людзей веры. Я заклікаю і вас маліцца за яго і спадзяюся, што аднойчы вы будзеце мець радасць бачыць яго тут, у Кіеве”, - прывёў словы папскага пасланніка Раберта Пальялонга.
Падчас візіту ў парафію адна сужэнская пара падарыла арцыбіскупу Галахеру сланечнікі як сімвал Украіны і многіх яе загінулых, а таксама ікону Святой Сям’і. Кватэра гэтых сужонкаў была знішчана падчас аднаго з цяжкіх налётаў, але ікона засталася цэлай. “Для нас гэта сімвал надзеі”, - сказалі яны, перш чым падзякаваць Святому Пасаду і Апостальскаму нунцыю за дапамогу і падтрымку, аказаныя ў гэтыя гады.
Затым папскі пасланнік наведаў вуліцу Брацтва Тарасаўцаў, дзе 14 мая 2025 года ў выніку расійскага ўдару загінулі больш за 20 чалавек, сярод якіх трое дзяцей. Арцыбіскуп паразмаўляў з ратавальнікамі і прадстаўнікамі ААН, якія дапамагаюць пацярпелым і працуюць з псіхалагічнымі траўмамі мясцовых жыхароў.
Чарговым аб’ектам, які наведаў іерарх, стаў дамініканскі Інстытут рэлігійных навук святога Тамаша Аквінскага. Будынак інстытута пацярпеў ад выбуховай хвалі і асколкаў пасля таго, як побач упалі ракеты і дроны. Манахі паказалі ватыканскаму госцю рэшткі беспілотніка і падзякавалі за тое, што дзякуючы гэтай падтрымцы яны не адчуваюць сябе адзінокімі ў бядзе.
У другой палове дня арцыбіскуп Галахер адправіўся ў Кіева-Пячэрскую лаўру. У ноч з 14 на 15 чэрвеня 2026 года яна пацярпела ад расійскай атакі. Найбольшыя пашкоджанні атрымаў дах Успенскага сабора, які быў аператыўна адрамантаваны. Прадстаўнік Папы агледзеў яшчэ бачныя наступствы ракетнага ўдару і наведаў знакамітыя падземныя пячоры, дзе захоўваюцца рэліквіі святых.