Пошук

Легат у Бярдзічаве: хай Бог даруе Украіне і свету доўгачаканы мір

19 ліпеня 2026 года ў санктуарыі Маці Божай Святога Шкаплера ў Бярдзічаве праходзяць святкаванні з нагоды 35-годдзя аднаўлення структур Касцёла лацінскага абраду ва Украіне. Эўхарыстыю ўзначаліў спецыяльны пасланнік Льва XIV арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Урачыстасці адбываюцца таксама ў кантэксце 25-годдзя візіту святога Яна Паўла II ва Украіну.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У гаміліі легат перадаў усім прысутным прывітанне Льва XIV, які прасіў яго запэўніць украінскі народ у сваёй духоўнай блізкасці. Ён адзначыў, што яго місія ва Украіне мае як пастырскі, так і дыпламатычны характар, і ўключае сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады.

Іерарх падкрэсліў, што набажэнства ў Бярдзічаве стала не толькі падзякай Богу за падзеі мінулага, але і гарачай малітвай аб справядлівым і трывалым міры ва ўмовах вайны, якая штодня прыносіць вялікія пакуты і боль украінскаму народу.

Разважаючы над чытаннем з Першай Кнігі Валадарстваў, арцыбіскуп Галахер звярнуў увагу на прыклад прарока Іллі, які нястомна маліўся на гары Кармель аб жыватворным дажджы для свайго народа і зямлі. Малады памочнік прарока сем разоў хадзіў праверыць неба. Шэсць разоў Божы адказ быў "не", і толькі пасля сёмага назірання з’явілася маленькая хмарка. У гэты момант прарок Ілля зразумеў, што гэта Божы адказ, знак доўгачаканага праліўнога дажджу. Прыклад прарока Іллі вучыць нас не апускаць рукі, не адчайвацца ў цяжкасцях, нястомна маліцца і цвёрда верыць у Бога, бо сапраўдныя і багатыя ласкі заўсёды зыходзяць ад Яго. Мы ведаем, што мір – гэта перш за ўсё дар Бога, а не людзей, - сказаў легат.

Звяртаючыся да цудатворнага абраза Маці Божай Бярдзічаўскай, створанага паводле старажытнага абраза Маці Божай Збаўлення рымскага народа (Salus populi romani), іерарх нагадаў вернікам пра Яе пастаяннае заступніцтва. Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім Езус у апошнія хвіліны Свайго зямнога жыцця даручае ўсіх Сваіх паслядоўнікаў матчынай апецы Панны Марыі, ён падкрэсліў, што гэты дар адначасова з’яўляецца вялікай прывілеяй і адказнасцю за наш жыццёвы выбар перад Маці Божай.

Арцыбіскуп Галахер заклікаў прысутных да глыбокага рахунку сумлення і аднаўлення намеру быць сапраўднымі дзецьмі Божымі і даверыцца Маці Божай. Панна Марыя як Каралева Супакою вучыць нас адхіляць усе формы несправядлівасці, безадказнасці і гвалту. Ён заклікаў Марыю дапамагчы вернікам змагацца са злом, якое сее падзел, нянавісць і смерць, а таксама спакусы, саманадзейнасць і роспач, асабліва ў часы цяжкіх выпрабаванняў.

Іерарх нагадаў, што абараніцца ад гэтых спакус нам дапамагаюць словы апостала Паўла з Паслання да Галатаў, якія падкрэсліваюць нашу годнасць як дзяцей Божых. Святы Павел тлумачыць нам, што мы ўжо не рабы фізічнай немачы, беднасці, нават смерці, сям'і ці сяброў. Гэта азначае, што ніхто не здольны прынізіць нашу годнасць у вачах Бога; нават д'ябал вайны. Калі мы ўсведамляем, што мы дзеці Божыя і дзеці Божай Маці, ніхто не можа глыбока засмуціць нас, нават калі мы аплакваем памерлых. Нельга дапусціць, каб сённяшні плач разбурыў давер, любоў і надзею, якія Бог пасеяў у нас, - адзначыў легат.

Напрыканцы гаміліі папскі пасланнік узнёс малітву да Маці Божай Бярдзічаўскай, Маці Надзеі, просячы Яе заступіцца за Украіну, Каталіцкі Касцёл, усе Цэрквы і рэлігійныя супольнасці краіны, а таксама за прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, за тых, хто на фронце, за забітых і параненых. Ён таксама маліўся аб тым, каб з дапамогай веры і спраў справядлівасці і міру ў кожным чалавеку ззяла годнасць дзяцей Божых, а міласэрны Бог дараваў Украіне і ўсяму свету доўгачаканы мір.

19 ліпеня 2026, 12:15