Тысяча дзён вайны ў Газе: дзеці гінуць нават пасля перамір'я
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Тысяча дзён мінула ад пачатку ізраільскага наступлення на Газу, распачатага пасля нападу групы “Хамас” 7 кастрычніка 2023 года. За гэты час гуманітарны крызіс дасягнуў мяжы, за якой пачынаецца незваротнае: ежы, лекаў і пітной вады не хапае для выжывання насельніцтва.
Міжнародныя недзяржаўныя арганізацыі падаюць найбольш трагічныя лічбы: больш за 20 тысяч дзяцей загінулі, каля 245 тысяч чалавек ужо пакутуюць ад недаядання або знаходзяцца пад яго пагрозай, а 800 тысяч сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі. Пры гэтым, як адзначаецца, гэтыя лічбы застаюцца вельмі прыблізнымі.
Нягледзячы на перамір'е, падпісанае паміж “Хамасам” і Ізраілем у кастрычніку 2025 года, вайна ў Газе не спынілася. Айцец Габрыэль Раманэлі, пробашч парафіі Святой Сям'і ў Газе, які на працягу ўсіх гэтых тысячы дзён не пераставаў заклікаць да міру, сведчыць: “Тысячы забітых, асірацелых або паранены дзяцей – гэта рэальнасць, якая забірае дыханне і не можа не крануць сэрца і пачуцці. Гэта лічбы, якія павінны прымусіць свет сказаць "хопіць", каб распачаць сапраўдны шлях да справядлівага міру, да паважання кожнай чалавечай асобы – яўрэя ці мусульманіна, хрысціяніна ці атэіста, палесцінца, ізраільцяніна ці чалавека без грамадзянства. Боль велізарны”.
Па словах святара, у Газе не засталося ні адной сям'і, якая не хавала б сваіх блізкіх. Хрысціянская суполка, хоць і невялікая, панесла адчувальныя страты: з 1017 католікаў і праваслаўных, якія жылі ў Газе на пачатку вайны, 60 памерлі, з іх 23 – ад бамбардзіровак або ад дзеянняў ізраільскіх снайпераў, астатнія – у выніку адсутнасці медыцынскай дапамогі. Гэта складае каля 6 працэнтаў усёй мясцовай хрысціянскай супольнасці.
Сітуацыю пагаршае поўная адсутнасць вады і электрычнасці: людзі стаяць у чэргах па дзве-тры гадзіны, каб атрымаць бітон вады, якасць якой не заўсёды бяспечная. Большасць насельніцтва жыве ў палатках, якія ператвараюцца ў пекла пад сонцам, на пясчанай зямлі, прасякнутай каналізацыйнымі водамі.
Айцец Раманэлі падсумоўвае: 2 300 000 чалавек жывуць без нічога, пакінутыя на волю лёсу, сярод хвароб і небяспекі. Тым не менш, ён заклікае не здавацца: “Мір магчымы, цяжка, але магчымы. Трэба працягваць гаварыць, пашыраць пасланне міру і справядлівасці”.