Заява Святога Пасада ў Савеце Бяспекі па Блізкім Усходзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дэлегацыя Святога Пасада 11 чэрвеня 2026 года прыняла ўдзел у адкрытых дэбатах Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, скліканых Калумбіяй. Сустрэча была прысвечана пошуку палітычных рашэнняў, медыяцыі і дыялогу дзеля трывалага міру на Блізкім Усходзе.
Місія Святога Пасада падкрэсліла, што гэты рэгіён, у сэрцы якога знаходзіцца Іерусалім – святы горад для хрысціян, юдэяў і мусульман, мае неацэннае духоўнае значэнне, аднак сёння ён застаецца адзначаным насіллем, страхам і чалавечымі пакутамі.
У сваёй заяве прадстаўнік Святога Пасада нагадаў пра пакуты мірных жыхароў і разбурэнне храмаў. Ён прывёў словы Льва XIV з яго нядаўняй сустрэчы з членамі іспанскага парламента ў Мадрыдзе 8 чэрвеня 2026 года: "Зброя можа навязаць часовае маўчанне; але яна ніколі не зможа пабудаваць сапраўдны і трывалы мір".
Прафілактычная дыпламатыя і медыяцыя патрабуюць цярплівасці і палітычнай мужнасці, заўважыла місія Святога Пасада. Гэта не проста кіраванне крызісамі, а паступовае аднаўленне адносін. У цэнтры кожнага палітычнага рашэння павінен быць чалавек. Мір падтрымліваецца грамадствам, здольным да салідарнасці і надзеі.
У завяршэнне выступлення быў агучаны заклік да неадкладнага спынення ваеннай эскалацыі ў Ліване і да настойлівасці ў дасягненні ўсёабдымнага міру, уключаючы вырашэнне сітуацыі вакол Ірана.
Дэлегацыя падкрэсліла патрабаванне спыніць агрэсію, вырашыць драматычнае гуманітарнае становішча ў сектары Газа і пракласці шлях да стварэння дзвюх дзяржаў. Блізкаўсходнія народы заслугоўваюць будучыні, заснаванай на справядлівасці, бяспецы і прымірэнні.