Палаткавы лагер для перамешчаных палесцінцаў сярод руін будынкаў Аль-Шаці на захад ад горада Газа Палаткавы лагер для перамешчаных палесцінцаў сярод руін будынкаў Аль-Шаці на захад ад горада Газа  (AFP or licensors)

Тысяча дзён вайны ў Газе: дзеці гінуць нават пасля перамір'я

Тысяча дзён з пачатку наступлення на Газу: дзеці гінуць і пасля перамір'я, а парафія Святой Сям'і застаецца голасам надзеі сярод руін і голаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тысяча дзён мінула ад пачатку ізраільскага наступлення на Газу, распачатага пасля нападу групы “Хамас” 7 кастрычніка 2023 года. За гэты час гуманітарны крызіс дасягнуў мяжы, за якой пачынаецца незваротнае: ежы, лекаў і пітной вады не хапае для выжывання насельніцтва.

Міжнародныя недзяржаўныя арганізацыі падаюць найбольш трагічныя лічбы: больш за 20 тысяч дзяцей загінулі, каля 245 тысяч чалавек ужо пакутуюць ад недаядання або знаходзяцца пад яго пагрозай, а 800 тысяч сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі. Пры гэтым, як адзначаецца, гэтыя лічбы застаюцца вельмі прыблізнымі.

Нягледзячы на перамір'е, падпісанае паміж “Хамасам” і Ізраілем у кастрычніку 2025 года, вайна ў Газе не спынілася. Айцец Габрыэль Раманэлі, пробашч парафіі Святой Сям'і ў Газе, які на працягу ўсіх гэтых тысячы дзён не пераставаў заклікаць да міру, сведчыць: “Тысячы забітых, асірацелых або паранены дзяцей – гэта рэальнасць, якая забірае дыханне і не можа не крануць сэрца і пачуцці. Гэта лічбы, якія павінны прымусіць свет сказаць "хопіць", каб распачаць сапраўдны шлях да справядлівага міру, да паважання кожнай чалавечай асобы – яўрэя ці мусульманіна, хрысціяніна ці атэіста, палесцінца, ізраільцяніна ці чалавека без грамадзянства. Боль велізарны”.

Па словах святара, у Газе не засталося ні адной сям'і, якая не хавала б сваіх блізкіх. Хрысціянская суполка, хоць і невялікая, панесла адчувальныя страты: з 1017 католікаў і праваслаўных, якія жылі ў Газе на пачатку вайны, 60 памерлі, з іх 23 – ад бамбардзіровак або ад дзеянняў ізраільскіх снайпераў, астатнія – у выніку адсутнасці медыцынскай дапамогі. Гэта складае каля 6 працэнтаў усёй мясцовай хрысціянскай супольнасці.

Сітуацыю пагаршае поўная адсутнасць вады і электрычнасці: людзі стаяць у чэргах па дзве-тры гадзіны, каб атрымаць бітон вады, якасць якой не заўсёды бяспечная. Большасць насельніцтва жыве ў палатках, якія ператвараюцца ў пекла пад сонцам, на пясчанай зямлі, прасякнутай каналізацыйнымі водамі.

Айцец Раманэлі падсумоўвае: 2 300 000 чалавек жывуць без нічога, пакінутыя на волю лёсу, сярод хвароб і небяспекі. Тым не менш, ён заклікае не здавацца: “Мір магчымы, цяжка, але магчымы. Трэба працягваць гаварыць, пашыраць пасланне міру і справядлівасці”.
 

03 ліпеня 2026, 11:04