Пошук

Ксёндз Габрыэль Раманэлі Ксёндз Габрыэль Раманэлі  (AFP or licensors)

Газа ў чаканні міру і аднаўлення: ліст ад Папы

Леў XIV накіраваў пасланне падтрымкі каталікам у Газе. Папа моліцца аб спыненні вайны на фоне вострага дэфіцыту вады, лекаў і пастаяннай пагрозы для жыцця мясцовых жыхароў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У паведамленні, якое было адпраўлена 4 мая 2026 года ў парафію Святой Сям’і, Пантыфік запэўнівае ў сваёй блізкасці да палесцінскага народа.

Пробашч парафіі ксёндз Габрыэль Раманэлі падзяліўся гэтай навіной праз відэа ў сацыяльнай сетцы і падрабязна расказаў “Vatican News” пра важнасць такога жэсту з боку Біскупа Рыма.

Святы Айцец просіць аб міры для Палесціны і Ізраіля, а таксама аб навяртанні і ласцы для ўсіх. Ён звяртае ўвагу на сістэматычныя цяжкасці з дастаўкай гуманітарнай дапамогі, ад якіх пакутуюць людзі ў парафіі і па-за яе межамі.

Па словах пробашча, папская малітва разам з малітвамі ўсяго Касцёла дапамагае яго парафіянам не губляць надзеі і працягваць рабіць дабро ў вельмі крохкай і небяспечнай сітуацыі.

Ксёндз Раманэлі адзначае, што спыненне агню, якое пачалося ў кастрычніку 2025 года, крыху палепшыла становішча, бо спыніліся масіраваныя бамбардзіроўкі. Тым не менш, нявінныя людзі працягваюць гінуць – крыніцы паведамляюць пра больш чым 800 забітых за апошні час. Катастрафічна не хапае самага неабходнага: вады, электрычнасці і звычайных рэчаў для штодзённага выжывання.

Міжнародная арганізацыя "Медыкі без меж" у сваім апошнім дакладзе паведамляе, што Ізраіль знішчыў або пашкодзіў 90 працэнтаў інфраструктуры водазабеспячэння і санітарыі. Жорсткія абмежаванні на ўвоз генератараў, маторнага масла і запасных частак прыводзяць да масавых паломак сістэм жыццезабеспячэння.

Большасць жыхароў сектара Газа застаюцца вымушана перамешчанымі асобамі, яны жывуць у ненадзейных прытулках і сутыкаюцца з надзвычай высокай рызыкай для здароўя. Людзі практычна заблакаваныя на тэрыторыі, якая складае менш за палову Газы, не маючы магчымасці выехаць нават у суседнія рэгіёны.

Міжнародныя спецыялісты папярэджваюць аб магчымым незваротным выхадзе з ладу сотняў установак, што непазбежна выкліча спыненне вытворчасці пітной вады і прывядзе да новых маштабных эпідэмій.
 

06 мая 2026, 15:48