Пошук

Папа: чалавечнасць Езуса адкрывае праўду пра Нябеснага Айца

“Каб пазнаць Бога ў Хрысце, мы павінны прыняць Яго поўную чалавечнасць”, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 21 студзеня 2026 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Леў XIV працягнуў разважанне над дагматычнай канстытуцыяй пра Божае Аб’яўленне “Dei Verbum”, прынятай на Другім Ватыканскім Саборы. Ён нагадаў, што Езус Хрыстус адкрывае нам праўду пра Нябеснага Айца і ўключае нас у адносіны з Ім.

“Мы бачылі, што Бог адкрываецца ў дыялогу запавету, у якім звяртаецца да нас як да сяброў. Гаворка ідзе пра знаёмства ў адносінах, дзе не толькі перадаюцца ідэі, але падзяляецца гісторыя і гучуць заклік да адзінства ва ўзаемнасці. Спаўненне гэтага аб’яўлення рэалізуецца ў гістарычнай і асабістай сустрэчы, у якой сам Бог дорыць нам сябе, становячыся прысутным, а мы адкрываем, што былі пазнаныя ў нашай самай глыбокай праўдзе. Менавіта гэта адбылося ў Езусе Хрысце. Дакумент кажа: “Праўда пра Бога і збаўленне людзей ззяе перад намі ў Хрысце, які ёсць адначасова Пасрэднікам і паўнатою ўсяго Аб’яўлення” (DV,2)”, - сцвердзіў Папа.

Езус адкрывае нам Айца, уключаючы нас у свае адносіны з Ім

Пантыфік нагадаў, што праз Хрыста людзі “атрымалі ў Духу Святым доступ да Айца і ўдзел у боскай натуры”. Гэта пацвярджае евангеліст Лука, пераказваючы нам малітву Езуса, які “ўзрадаваўся ў Духу Святым” і сказаў: “Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць” (Лк 10, 21-22)”, - падкрэсліў Папа.

У Езусе адкрываецца праўда пра нашу тоеснасць

Святы Айцец заўважыў, што ў Хрысце Бог адкрыў не толькі самога сябе, але таксама і нашу сапраўдную тоеснасць дзяцей, створаных на вобраз уцелаўлёнага Слова. Езус – “спрадвечнае Слова”, якое “асвятляе ўсіх людзей” – паказвае праўду пра нас у вачах Нябеснага Айца і нагадвае, што Ён глыбока ведае пра нашы патрэбы.

Езус Хрыстус адкрывае нам Айца праз уласную чалавечнасць

Праўду пра Бога Хрыстус адкрывае нам праз сваю сапраўдную і поўную чалавечнасць, што пацвярджае саборная канстытуцыя, калі кажа, што Езус “усёй сваёй прысутнасцю і аб’яўленнем, словамі і справамі, знакамі і цудамі, асабліва сваёй смерцю і слаўным уваскрасеннем, паслаўшы, нарэшце, Духа праўды, здзяйсняе канчатковае Аб’яўленне” (DV, 4).

“Каб пазнаць Бога ў Хрысце, мы павінны прыняць Яго поўную чалавечнасць: праўда Бога не адкрываецца напоўніцу там, дзе адымаецца нешта чалавечае, як і цэласнасць чалавечнасці Езуса не змяншае паўнаты боскага дару. Гэта поўная чалавечнасць Езуса расказвае нам праўду пра Айца”, - дадаў Пантыфік.

Падзяляць позірк Езуса на рэчаіснасць

Па словах Папы, “каб ушанаваць веліч Уцелаўлення, не дастаткова лічыць Езуса каналам перадачы інтэлектуальнай праўды”. “Калі Езус мае рэальнае цела, перадача Божай праўды адбываецца ў гэтым целе – праз тое, як Ён успрымае і адчувае рэальнасць, прысутнічае ў свеце і праходзіць праз яго”, - сказаў Леў XIV, падкрэсліваючы, што Езус заклікае нас падзяляць Божы позірк на рэчаіснасць.
 

21 студзеня 2026, 10:27

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >