Леў XIV: сяброўства з Богам умацоўваецца слуханнем і малітвай
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Езус Хрыстус “радыкальным чынам змяняе адносіны чалавека з Богам”, робячы іх “сяброўскімі адносінамі”, “новым запаветам, адзіная ўмовай якога – любоў”. На гэта ўказвае дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне “Dei Verbum” – адзін з “найцудоўнейшых і найважнейшых дакументаў” Другога Ватыканскага Сабора, - падкрэсліў Леў XIV у сваёй катэхезе. Зыходным пунктам для яго сталі словы Хрыста: “Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам (Ян 15,15)”.
Пакліканыя быць сябрамі Бога
Папа спаслаўся на святога Аўгустына, падкрэсліўшы, што “толькі ласка можа зрабіць нас сябрамі Бога ў Яго Сыне”. “Старажытны дэвіз казаў: “Amicitia aut pares invenit, aut facit” – “Сяброўства або нараджаецца паміж роўнымі, або робіць роўнымі”. Мы не роўныя Богу, але Бог робіць нас падобнымі да Яго ў сваім Сыне”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы, што ў Езусе Бог робіць нас сваімі дзецьмі і кліча станавіцца падобнымі да Яго, нават нягледзячы на нашу ўразлівую чалавечнасць. “Такім чынам мы становімся падобнымі да Бога не праз парушэнне і грэх, як раіў змей Еве, але ў адносінах з Сынам, які стаў чалавекам”, - дадаў Святы Айцец.
Дыялог не зносіць маўчання
Папа нагадаў словы “Dei Verbum” пра тое, што ў “Аб’яўленні нябачны Бог у сваёй бязмернай любові звяртаецца да людзей, як да сяброў, і гаворыць з імі, каб запрасіць да супольнасці з Ім”. “Бог Кнігі Быцця ўжо размаўляў з прабацькамі, вёў дыялог з імі, а калі грэх перарваў гэты дыялог, Стварыцель не перастаў шукаць сустрэчы са сваімі стварэннямі і раз за разам устанаўліваць запавет з імі. У хрысціянскім Аб’яўленні, калі Бог, шукаючы нас, уцелавіўся ў сваім Сыне, перарваны дыялог быў адноўлены канчаткова: Запавет – новы і вечны, нішто не можа аддзяліць нас ад Яго любові. Божае Аб’яўленне, такім чынам, мае характар сяброўскага дыялогу, і як і ў сяброўстве паміж людзьмі, ён не зносіць маўчання, але ўмацоўваецца абменам сапраўднымі словамі”, - падкрэсліў Пантыфік.
Бог прамаўляе да нас, запрашаючы да сяброўства з Ім
“Канстытуцыя “Dei Verbum” нагадвае нам: Бог прамаўляе да нас. Важна зразумець розніцу паміж словам і баўбатаннем: апошняе спыняецца на павярхоўным і не стварае адзінства паміж людзьмі, у той час як у сапраўдных адносінах слова служыць не толькі абмену інфармацыяй і навінамі, а адкрыццю таго, кім мы з’яўляемся. Слова мае вымярэнне адкрыцця, што стварае адносіны з іншым. Так, прамаўляючы да нас, Бог паказвае сябе як Саюзніка, што запрашае нас да сяброўства з Ім”, - сцвердзіў Папа.
Час для малітвы
На думку Льва XIV, у такой перспектыве “першае, што мы павінны ўзрошчваць, – гэта слуханне, каб Божае слова магло ўвайсці ў наш розум і сэрца”; а ў той жа час “мы пакліканы размаўляць з Богам: не для таго, каб расказаць Яму тое, што Ён ужо ведае, але каб адкрыць нам саміх сябе”.
“Адсюль патрэба ў малітве, у якой мы пакліканы жыць сяброўствам з Панам і ўзрошчваць яго. Гэта ажыццяўляецца ў першую чаргу ў літургічнай і супольнай малітве, дзе не мы вырашаем слухаць Божае слова, але Ён сам прамаўляе да нас праз Касцёл”, - сказаў Папа, адзначаючы таксама важнасць асабістай малітвы, якая паходзіць з глыбіні сэрца і розуму. “На працягу дня і тыдня хрысціянін не можа не прысвячаць час малітве, медытацыі і разважанню. Толькі калі размаўляем з Богам, можам таксама казаць пра Яго”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Сяброўства з Богам – наша збаўленне
“Наш досвед кажа нам, што сяброўства можа спыніцца з-за нейкага гучнага, рэзкага жэсту або праз шэраг штодзённых занядбанняў, якія паступова разрушаюць адносіны, пакуль яны не знікнуць цалкам. Калі Езус кліча нас быць сябрамі, давайце намагацца не пакідаць непачутым гэты заклік. Давайце прымем яго, давайце клапаціцца пра гэтыя адносіны, і тады адкрыем, што менавіта сяброўства з Богам – гэта наша збаўленне”, - заахвоціў на заканчэнне катэхезы Пантыфік.
