Пошук

Папа: адкрыць нанова сапраўдную сутнасць малітвы

Малітва – гэта не ўцёкі ад рэчаіснасці і не псіхалагічная тэхніка, накіраваная на асабісты дабрабыт, а фундаментальнае вымярэнне нашай чалавечнасці, таму варта нанова адкрыць яе сапраўдную сутнасць, падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

5 жніўня 2026 года Леў XIV правёў першую пасля ліпеньскага перапынку агульную аўдыенцыю. З прычыны спякотнага надвор’я ў Рыме сустрэча прайшла не на Плошчы Святога Пятра, а ў ватыканскай базіліцы. У ёй бралі ўдзел каля пяці тысяч чалавек. На пачатку аўдыенцыі Папа прайшоў уздоўж цэнтральнай навы сабора і асабіста прывітаў многіх з іх.

Працягваючы разважанне над саборнай канстытуцыяй аб святой літургіі “Sacrosanctum Concilium”, Пантыфік прысвяціў сваю катэхезу касцельнаму вымярэнню літургічнай малітвы.

“У наш час, калі пануе логіка эфектыўнасці і спажывецтва, многія лічаць малітву нечым бескарысным або нават смешным. У свеце, дзе навука і тэхніка прэтэндуюць на тое, каб даць адказы на ўсе пытанні, малітва можа выглядаць як форма ўцёкаў ад рэчаіснасці”, - заўважыў Папа.

Леў XIV адзначыў, што нават у многіх хрысціянскіх сем’ях ужо не перадаецца традыцыя малітвы, а многія людзі рызыкуюць успрымаць яе як адну з псіхалагічных тэхнік, накіраваных на асабісты дабрабыт. “Аднак малітва, як фундаментальнае вымярэнне нашай чалавечнасці, заслугоўвае таго, каб яна нанова была адкрыта ў сваёй праўдзе”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што канстытуцыя “Sacrosanctum Concilium” сур’ёзна паставілася да гэтай патрэбы. Ён нагадаў, што, абвяшчаючы гэты першы дакумент Другога Ватыканскага Сабору ў 1963 годзе, святы Павел VI сказаў: “Бог – на першым месцы; малітва – наш першы абавязак; літургія – першая крыніца Божага жыцця, перададзенага нам, і першая школа нашага духоўнага жыцця”.

Леў XIV патлумачыў, што ў канстытуцыі тэрмін “малітва” азначае ўсю літургію. “Гэтая перспектыва мае вырашальнае значэнне, бо менавіта яна задала кірунак літургічнай рэформе, цэнтральным прынцыпам якой стаў актыўны ўдзел вернікаў. Літургія прадстаўлена найперш як месца сустрэчы, дзе Бог сам праяўляе ініцыятыву і набліжаецца да чалавецтва ў сваім Сыне”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што “менавіта таму святы Павел VI горача жадаў, каб Літургія гадзін, гэта значыць штодзённая публічная малітва Касцёла, непарыўна звязаная з Эўхарыстыяй, глыбока пранікала ва ўсё хрысціянскае малітоўнае жыццё, ажыўляла яго, накіроўвала, выражала і дзейсна падтрымлівала духоўнае жыццё Божага народа”.

“Каб гэтае жаданне ажыццявілася, Літургія гадзін павінна ўсё больш прымацца і перажывацца ў штодзённым жыцці ахрышчаных і супольнасцяў. Для многіх людзей, якія хочуць навучыцца маліцца, асабліва для катэхуменаў, яна можа стаць сапраўдным шляхам і школай хрысціянскай малітвы”, - дадаў Папа.

Паводле Льва XIV, “Эўхарыстыя і Літургія гадзін кожны тыдзень і кожны дзень становяцца дыханнем жыцця Касцёла, праз якое Дух Святы ажыўляе Яго Цела”. “Звязаная з Эўхарыстыяй і працягваючы яе святло, Літургія гадзін асвячае час нашага штодзённага жыцця: раніцай мы пачынаем дзень з верай і ўдзячнасцю; апоўдні просім сілы захоўваць вернасць сярод штодзённых клопатаў; увечары, пасля завяршэння працы, Нешпары суправаджаюць нас у хвіліну заходу сонца; ноччу мы засынаем, давяраючы сябе Божаму супакою. Кожная Гадзіна – гэта акт надзеі: падчас зямнога пілігрымавання мы чуваем разам з усім Касцёлам, чакаючы слаўнага вяртання Пана”, - сказаў на завяршэнне сваёй катэхезы Леў XIV.
 

05 жніўня 2026, 10:39

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >