Леў XIV: Эўхарыстыя – магутнае супрацьяддзе ад зерняў падзелаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Эўхарыстычная таямніца была тэмай чарговай катэхезы Льва XIV, прысвечанай канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора пра святую літургію “Sacrosanctum Concilium”. Пантыфік заўважыў, што “для хрысціянаў удзел у вячэры Пана азначае “выхоўвацца Божым словам, падмацоўвацца са стала Божага Цела і дзякаваць Богу”(пар. SC, 48).
“Прымаючы Яго ў Ягоным Слове і Эўхарыстыі, мы становімся тым, што прымаем. Мы становімся Целам, Галавою якога ёсць уваскрослы Хрыстус, які сядзіць праваруч Айца (пар. Кал 1,18) і рыхтуе нам месца ў небе (пар. Ян 14, 3): такім чынам Эўхарыстыя становіцца сакрамэнтам будучага Валадарства. Гэта Хлеб шляху, які вядзе нас да нябеснай Айчыны, аж да благаслаўлёнага дня, калі “Бог будзе ўсім ва ўсіх” (1 Кар 15, 28)”, - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што літургічны сход складае Ахвяру “не толькі праз рукі святара, але і разам з ім” (SC, 48), таму “Эўхарыстыя з’яўляецца формай духоўнай ахвяры хрысціянаў” і “шляхам еднасці з Богам і ўзаемнай еднасці паміж людзьмі”.
“Удзельнічаючы ў ёй, яны вучацца “прыносіць у ахвяру саміх сябе і праз пасрэдніцтва Хрыста з кожным днём удасканальвацца ў еднасці з Богам і паміж сабой” (SC, 48). Так, злучаючы нас з Хрыстом, Эўхарыстыя вучыць нас прымаць стыль жыцця самога Пана Езуса, пазначаны бескарыслівым дарам сябе. Гэты дар уводзіць нас у дынаміку еднасці, якая з’яўляецца магутным супрацьяддзем супраць зерняў падзелу, што падрываюць наш свет, нашы супольнасці, нашы сем’і і наша сэрца (пар. SC, 47)”, - сцвердзіў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што падчас удзелу ў Эўхарыстыі “мы запрошаны слухаць Божае слова і падмацоўвацца са стала Пана, дзе Ён сам прыносіць сябе ў ахвяру Айцу”. “Гэтыя дзве часткі Імшы – літургія слова і эўхарыстычная літургія, “так цесна звязаны паміж сабой, што складаюць адзін акт культу” (SC, 56)”, - сказаў ён.
Гаворачы пра Божае слова, Пантыфік падкрэсліў, што падчас літургіі недастаткова проста атрымаць новыя веды пра Біблію: важна прыняць Божае слова як жывое пасланне, якое Бог сёння скіроўвае да кожнага чалавека. Святы Айцец нагадаў, што разам з Эўхарыстыяй гэтае слова становіцца духоўнай ежай, якая дапамагае чалавеку адыходзіць ад граху і жыць новым жыццём у Хрысце.
Папа заўважыў, што Другі Ватыканскі Сабор заклікаў шырэй адчыніць біблійныя скарбніцы, каб падрыхтаваць для вернікаў багацейшы стол Божага слова. “Літургічная рэформа ўвасобіла гэты заклік ў скарбе, якім з’яўляецца лекцыянарый – кніга, у якой сабраны ўсе біблійныя чытанні для літургічных цэлебрацый”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што гэтая ініцыятыва грунтавалася на жывой Традыцыі Касцёла.
“Пачатак другога раздзела канстытуцыі аб літургіі прасякнуты спасылкамі на вялікую раку Традыцыі, якая цячэ ад Айцоў Касцёла аж да нашых дзён. Прывяду гэты ўрывак: “Наш Збаўца падчас Апошняй Вячэры ў тую ноч, калі быў здраджаны, устанавіў эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і Крыві, каб у ёй на вякі, да свайго прыйсця, умацаваць Ахвяру Крыжа і такім чынам даручыць Касцёлу – сваёй умілаванай абранніцы – успамін сваёй Мукі і Уваскрасення: сакрамэнт міласэрнасці, знак еднасці, повязь любові, пасхальную гасціну, “на якой спажываецца Хрыстус, на якой душа напаўняецца ласкай і нам даецца задатак будучай славы”(SC, 47)”, - сказаў Папа, заклікаўшы чэрпаць сілы з гэтай крыніцы Божага жыцця і дазваляць Эўхарыстыі перамяняць наша жыццё.
