Арцыбіскуп Галахер у Кіеве: няма і дня, каб Папа не маліўся за вас

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, наведаў аб’екты ў Кіеве, якія пацярпелі ад бамбардзіровак.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 ліпеня 2026 года пасланнік Папы на святкаванне 35-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду ва Украіне наведаў шэраг аб’ектаў у Кіеве, якія пацярпелі ад бамбардзіровак, паведаміў Раберта Пальялонга – журналіст “Vatican News”, які суправаджае арцыбіскупа ў падарожжы.

Першым з наведаных ім месцаў стаў сталічны касцёл святога Мікалая, які, дзякуючы таксама дыпламатычнай працы Святога Пасада, некалькі месяцаў таму ўлады перадалі ў карыстанне каталіцкай супольнасці лацінскага абраду. У гэтым храме працягваюцца рамонтныя працы: у снежні 2024 года ў яго трапіла расійская ракета.

Арцыбіскуп Галахер памаліўся з парафіянамі за мір ва Украіне, заклікаў іх заставацца вытрывалымі ў веры і запэўніў у блізкасці Папы. “Няма і дня, каб ён не маліўся за Украіну і за вас – людзей веры. Я заклікаю і вас маліцца за яго і спадзяюся, што аднойчы вы будзеце мець радасць бачыць яго тут, у Кіеве”, - прывёў словы папскага пасланніка Раберта Пальялонга.

Сустрэча з парафіянамі касцёла святога Мікалая ў Кіеве
Сустрэча з парафіянамі касцёла святога Мікалая ў Кіеве

Падчас візіту ў парафію адна сужэнская пара падарыла арцыбіскупу Галахеру сланечнікі як сімвал Украіны і многіх яе загінулых, а таксама ікону Святой Сям’і. Кватэра гэтых сужонкаў была знішчана падчас аднаго з цяжкіх налётаў, але ікона засталася цэлай. “Для нас гэта сімвал надзеі”, - сказалі яны, перш чым падзякаваць Святому Пасаду і Апостальскаму нунцыю за дапамогу і падтрымку, аказаныя ў гэтыя гады.

Затым папскі пасланнік наведаў вуліцу Брацтва Тарасаўцаў, дзе 14 мая 2025 года ў выніку расійскага ўдару загінулі больш за 20 чалавек, сярод якіх трое дзяцей. Арцыбіскуп паразмаўляў з ратавальнікамі і прадстаўнікамі ААН, якія дапамагаюць пацярпелым і працуюць з псіхалагічнымі траўмамі мясцовых жыхароў.

Візіт на вуліцу Брацтва Тарасаўцаў
Візіт на вуліцу Брацтва Тарасаўцаў

Чарговым аб’ектам, які наведаў іерарх, стаў дамініканскі Інстытут рэлігійных навук святога Тамаша Аквінскага. Будынак інстытута пацярпеў ад выбуховай хвалі і асколкаў пасля таго, як побач упалі ракеты і дроны. Манахі паказалі ватыканскаму госцю рэшткі беспілотніка і падзякавалі за тое, што дзякуючы гэтай падтрымцы яны не адчуваюць сябе адзінокімі ў бядзе.

Візіт у Інстытут рэлігійных навук святога Тамаша Аквінскага
Візіт у Інстытут рэлігійных навук святога Тамаша Аквінскага

У другой палове дня арцыбіскуп Галахер адправіўся ў Кіева-Пячэрскую лаўру. У ноч з 14 на 15 чэрвеня 2026 года яна пацярпела ад расійскай атакі. Найбольшыя пашкоджанні атрымаў дах Успенскага сабора, які быў аператыўна адрамантаваны. Прадстаўнік Папы агледзеў яшчэ бачныя наступствы ракетнага ўдару і наведаў знакамітыя падземныя пячоры, дзе захоўваюцца рэліквіі святых.

 

18 ліпеня 2026, 18:44