Дзупі: будуць прыкладзены ўсе магчымыя намаганні дзеля міру
Марыя Валодзіна – Vatican News
16 ліпеня 2026 года спецыяльны пасланнік Папы па Украіне вярнуўся ў Рым. Гэта была яго другая паездка ў Кіеў пасля візіту ў 2023 годзе. Місія насіла гуманітарны характар. Іерарх запэўніў народ, які пакутуе ад вайны, у блізкасці і малітоўнай падтрымцы Льва XIV.
Кардынал Дзупі наведаў Львоўскую вобласць і Кіеў. 15 ліпеня, у Дзень дзяржаўнасці Украіны, ён прыняў удзел ва ўрачыстасцях у гонар Хросту Кіеўскай Русі, якія прайшлі на Міхайлаўскай плошчы сталіцы з удзелам прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады і рэлігійных супольнасцей.
Пасля гэтага спецпасланнік Папы сустрэўся з міністрам замежных спраў Украіны Андрэем Сібігам, які падзякаваў Святому Пасаду за гуманітарныя намаганні і падкрэсліў, што Украіна імкнецца дасягнуць справядлівага і працяглага міру.
Сібіга звярнуў увагу кардынала Дзупі на становішча мірнага насельніцтва ў акупаваных населеных пунктах Алешкі і Голая Прыстань у Херсонскай вобласці, дзе тысячы жыхароў маюць патрэбу ў тэрміновым адкрыцці гуманітарнага калідора. Падчас сустрэчы таксама абмяркоўваліся пытанні захавання і аднаўлення Кіева-Пячэрскай лаўры, пашкоджанай у выніку нядаўняй расійскай атакі. Манастырскі комплекс, які ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, у жніўні адзначыць 975-годдзе свайго заснавання.
Як паведаміла “Avvenire”, у Кіеве кардынал Дзупі правёў шэраг іншых афіцыйных сустрэч. Ён сустрэўся з кіраўніком офіса прэзідэнта Украіны генералам Кірылам Буданавым і яго намесніцай Ірынай Верашчук, упаўнаважаным па правах чалавека Дзмітром Лубінцом, кіраўніком вайсковай разведкі генералам Алегам Івашчанкам, які таксама адказвае за каардынацыю пытанняў ваеннапалонных, а таксама з групай сваякоў украінскіх вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб, якія ўтрымліваюцца ў зняволенні ў Расіі.
Падчас гэтых сустрэч украінскі бок перадаў кардыналу Дзупі просьбы, сярод якіх – садзейнічанне абмену ваеннапалоннымі па прынцыпу “ўсіх на ўсіх”, пошук зніклых без вестак, вяртанне грамадзянскіх асоб і дзяцей. Сваякі палонных таксама звярнуліся да кардынала з просьбай наведаць месцы зняволення ў Расіі, дзе ўтрымліваюцца ўкраінскія ваеннапалонныя.
“Калі хоць адзін ваеннапалонны, адзін мірны жыхар ці адно дзіця зноў змогуць абняць сваіх блізкіх, гэта будзе яшчэ адной цаглінай у справе будаўніцтва міру”, - сказаў кардынал Дзупі. Ён таксама запэўніў, што Святы Пасад будзе прыкладаць усе магчымыя гуманітарныя намаганні ў адпаведнасці з воляй Папы Льва XIV. “Гуманітарная дзейнасць павінна стаяць вышэй за любую палітычную ці ваенную логіку. Менавіта гэта найбольш блізкае сэрцу Касцёла, які з'яўляецца знаўцам чалавечнасці”, - дадаў іерарх.