Пошук

Спецпасланнік Папы ў Кіеве: Божа, адары справядлівым мірам

Кардынал Матэа Дзупі, спецыяльны пасланнік Папы па Украіне, прыняў удзел у святкаванні Дня дзяржаўнасці Украіны, які адзначаецца 15 ліпеня ў гонар Хросту Кіеўскай Русі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кардынал Дзупі ў якасці ганаровага госця прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі, якая прайшла на плошчы перад Міхайлаўскім Залатаверхім манастыром у Кіеве. У складзе працэсіі разам з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і іншымі прадстаўнікамі ўлады ён прайшоў па алеі ўздоўж “Сцяны памяці”, на якой змешчаны фотаздымкі загінулых за гады вайны. Іерарх трымаў у руках букет чырвоных руж, які потым усклаў у знак пашаны да тых, хто аддаў жыццё на полі бою.

У прысутнасці кіраўніцтва краіны і высокапастаўленых замежных гасцей, у тым ліку старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен, кардынал Дзупі прамовіў малітву аб справядлівым міры ва Украіне.

“Усемагутны Божа, узношу да Цябе маю малітву за дарагую Украіну. Адары ў Тваёй міласэрнасці справядлівым мірам, каб палонныя маглі вярнуцца дадому, дзеці маглі зноў абняць свае сем’і, зніклыя без вестак былі знойдзены, а ўсе маглі аплакаць целы сваіх загінулых блізкіх. Натхні кожнага з нас мужнасцю і мудрасцю, каб мы сталі будаўнікамі міру і з рашучасцю перамагалі зло дабром”, - маліўся спецпасланнік Папы.

У другой палове дня запланаваны сустрэчы іерарха з прадстаўнікамі арганізацый, якія працуюць у сферы вяртання ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расію, і рэпатрыяцыі цел загінулых, а таксама афіцыйныя перамовы з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады.

Днём раней кардынал Матэа Дзупі знаходзіўся ў Львове. Ён сустрэўся з ваеннапалоннымі, кіраўніцтвам гарадской адміністрацыі, а таксама наведаў цэнтр Супольнасці святога Эгідзія, дзе меў магчымасць прывітаць вялікую групу вернікаў, сярод якіх было шмат унутрана перамешчаных асоб, і запэўніць іх у блізкасці Святога Айца.
 

15 ліпеня 2026, 14:29