Пошук

Кардынал Дзупі ва Украіне: візіт у лагер для ваеннапалонных

Кардынал Матэа Дзупі здзяйсняе візіт ва Украіну. Першым пунктам яго падарожжа стаў лагер для ваеннапалонных у Львоўскай вобласці. “Папа моліцца, каб вайна скончылася і вы маглі вярнуцца дамоў”, - сказаў іерарх.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Праграма візіту старшыні італьянскага епіскапату ва Украіну разлічана на чатыры дні. Перад тым як прыбыць у Кіеў, 14 ліпеня 2026 года ён наведаў лагер для ваеннапалонных “Захад-1” у Львоўскай вобласці. Разам з расіянамі ў ім утрымліваюцца прадстаўнікі пяцідзесяці трох краін, у тым ліку беларусы, кангалезцы, карэйцы, нігерыйцы і філіпінцы, якія ваявалі на баку Расійскай Федэрацыі і трапілі ў палон.

Кардынал Дзупі меў магчымасць асабіста пазнаёміцца з умовамі жыцця і ўтрымання ваеннапалонных. Яго суправаджалі апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас і пасол Украіны пры Святым Пасадзе Андрэй Юраш.

Спецыяльны пасланнік Папы па Украіне аглядзеў розныя памяшканні лагера: нядаўна адрамантаваныя душавыя, жылыя пакоі, агульную залу, краму, дзе можна набыць прадукты, невялікую лагерную капліцу і медпункт.

Кардынал Дзупі сустрэўся з дзясяткамі палонных і абмяняўся з імі некалькімі словамі. “Папа Леў накіраваў сюды мяне і нунцыя, каб прынесці вам вялікую надзею на будучыню: ён моліцца, каб вайна скончылася і вы маглі вярнуцца дамоў”, - падкрэсліў іерарх.

Італьянскі кардынал уручыў палонным сімвалічныя падарункі ад Святога Айца: абразок Маці Божай “Збаўленне Рымскага Народа” (Salus Populi Romani), у якім хрысціяне бачаць вобраз Багародзіцы, а ўсе астатнія – знак надзеі, фотаздымак Льва XIV і бірульку для ключоў з папскім гербам.

“Папа папрасіў мяне прывезці вам гэтую бірульку. Я спадзяюся, што вельмі хутка вы павесіце на яе ключ ад свайго дома, каб адчыніць дзверы і абняць сваіх блізкіх. Калі мы далёка ад дома, то ўспамінаем тых, хто нас чакае, і гэта дадае нам сілы. Сёння мы хочам сказаць вам: глядзіце ў будучыню з надзеяй на тое, што вы вернецеся дадому і вайна закончыцца. Мы горача молімся, каб гэта адбылося як мага хутчэй”, - сказаў ён.

Завяршаючы візіт у невялікай лагернай капліцы, перад агульнай малітвай кардынал Дзупі сказаў: “Давайце памолімся, каб вы як мага хутчэй знайшлі дарогу дадому, каб усё гэта скончылася і вы маглі пачаць новае жыццё”. Затым, указаўшы рукой на сэрца, ён дадаў: “Але і тут, унутры, усё таксама павінна стаць новым: трэба прагнаць усё злое. Кожны з вас бачыў шмат злога, шмат страшнага, шмат таго, чаго ніколі не павінна адбывацца. Але Пан заўсёды дорыць надзею. Не дазвольце злу разрасціся тут, унутры, і Бог заўсёды дапаможа пазбавіцца ад зла”.

Кардынал Дзупі наведвае Украіну ў другі раз. Яго першы візіт адбыўся ў чэрвені 2023 года, калі па даручэнні Францішка ён прыбыў у Кіеў для сустрэчы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, а таксама з палітычнымі і рэлігійнымі дзеячамі. Гэта быў пачатак працяглай дыпламатычнай місіі, у межах якой у наступныя месяцы іерарх наведаў Маскву, Вашынгтон і Пекін. Місія мела перадусім гуманітарны характар. Яе мэтай было паказаць, што Касцёл падтрымлівае людзей, якія пакутуюць ад вайны, дапамагчы вярнуць дадому ўкраінскіх дзяцей і падлеткаў, вывезеных у Расію, а таксама садзейнічаць абмену палоннымі і вяртанню целаў загінулых вайскоўцаў.
 

15 ліпеня 2026, 09:34