Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін падчас інтэрв'ю Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін падчас інтэрв'ю 

Паралін: пазіцыя адносна міру і раззбраення застаецца нязменнай

Святы Пасад працягвае паслядоўна адстойваць пазіцыю адносна міру і ядзернага раззбраення, а крытыка ў адрас Льва XIV з боку прэзідэнта ЗША выглядае “крыху дзіўнай”, заявіў кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці адказаў на пытанні журналістаў у кулуарах прэзентацыі кнігі Роберта Фрэнсіса Прэвоста "Вольныя праз ласку. У школе святога Аўгустына перад выклікамі гісторыі", якая 6 мая 2026 года прайшла ў Папскім патрыстычным інстытуце “Аўгустыніянум”.

На пытанне, на каго ён больш разлічвае – на дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа ці на прэзідэнта Трампа, кардынал Паралін з усмешкай адзначыў: “Я не разлічваю ні на каго. Я разлічваю толькі на нашага Пана Езуса Хрыста”. Каментуючы выказванні Трампа адносна Папы, дзяржсакратар сказаў: "Нападаць на яго такім чынам або папракаць за тое, што ён робіць, здаецца мне крыху дзіўным, па меншай меры".

Кардынал Паралін пракаментаваў апошнія заявы Трампа, які сцвярджаў, што Папа нібыта гатовы дапусціць валоданне Іранам ядзернай зброяй, што, паводле амерыканскага лідара, падвяргае "небяспецы" тысячы католікаў. Іерарх адказаў тымі ж словамі, што і Леў XIV у Кастель-Гандольфа: "Трэба гаварыць праўдзіва". Сцвярджэнне прэзідэнта ЗША не адпавядае рэчаіснасці "у тым сэнсе, што Святы Пасад заўсёды працаваў і працягвае працаваць дзеля ядзернага раззбраення...". Гэта вельмі выразная пазіцыя, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Папы. Пры гэтым кіраўнік ватыканскай дыпламатыі ўхіліўся ад асабістай ацэнкі выказванняў Трампа: “Я б не стаў удавацца ў меркаванні, у асабістыя ацэнкі гэтага. Я лічу, што Папа робіць тое, што павінен рабіць. Папа робіць сваю справу".

Сустрэча з Марка Рубіа

На 7 мая 2026 года запланаваная сустрэча Льва XIV з дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіа. Паводле кардынала Параліна, у ходзе размовы будуць закранутыя ўсе найбольш актуальныя тэмы міжнароднай палітыкі, у тым ліку канфлікты, сітуацыя ў Лацінскай Амерыцы і, магчыма, пытанне Кубы. Святы Пасад плануе спачатку выслухаць амерыканскі бок, бо ініцыятыва сустрэчы зыходзіла менавіта ад ЗША.

Іерарх падкрэсліў, што Святы Пасад не прапануе новых ініцыятыў адносна ўрэгулявання канфлікту ў Іране, акрамя тых, якія агучваліся раней: неабходнасць дыялогу і перамоў. “Такія канфлікты нельга вырашыць сілай, яны павінны быць урэгуляваны і вырашаны шляхам перамоў. Хай гэта будуць перамовы добрай волі, шчырыя перамовы, каб усе бакі маглі выказаць сваю пазіцыю і знайсці пункты паразумення”, - пажадаў кардынал Паралін.

Адкрытасць да дыялогу з ЗША

Дзяржсакратар таксама падкрэсліў, што ЗША застаюцца суразмоўцам Святога Пасада, нягледзячы на некаторыя цяжкасці ў адносінах, таксама і таму, што граюць ролю амаль ва ўсіх ключавых міжнародных працэсах.

На думку кардынала Параліна, "цяпер заўчасна" казаць пра тое, ці будзе тэлефонная размова Льва XIV і Трампа, аднак ён не выключае такой магчымасці. “Святы Айцец адкрыты да ўсіх варыянтаў і ніколі не пазбягаў дыялогу. Калі паступіць прапанова ці просьба аб прамым дыялогу з прэзідэнтам Трампам, думаю, ён лёгка пагадзіцца”, - заявіў Дзяржсакратар.

Дыялог з нямецкімі біскупамі

Асобна іерарх закрануў тэму благаслаўлення аднаполых пар у Германіі. На яго думку, казаць пра магчымыя санкцыі супраць нямецкіх біскупаў пакуль заўчасна. “Мы вядзём дыялог, давайце паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя”, - адзначыў ён.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што ўсе рашэнні павінны прымацца ў адпаведнасці з кананічным правам, вучэннем Другога Ватыканскага Сабора і традыцыяй Касцёла. Ён спадзяецца, што ніколі не давядзецца звяртацца да санкцый і што ўсе праблемы атрымаецца вырашыць мірным шляхам, як і павінна быць у Касцёле.

07 мая 2026, 10:08