Пошук

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс   (REUTERS)

Дапаможнік па благаслаўленням у Германіі: адказ Святога Пасада

Святы Пасад пацвердзіў нязменнасць сваёй пазіцыі адносна благаслаўлення пазашлюбных саюзаў, падкрэсліўшы, што адпаведныя ініцыятывы ў Германіі не маюць зацвярджэння Дыкастэрыі веравучэння.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Ліст кардынала Віктара Мануэля Фернандэса ад 18 лістапада 2024 года адносна чарнавога варыянту Дапаможніка нямецкіх біскупаў па благаслаўленні пазашлюбных саюзаў застаецца актуальным адказам і ў дачыненні да тэксту пад назвай “Благаслаўленне дае сілу любові”, канчаткова зацверджанага прадстаўнікамі Канферэнцыі Біскупаў Германіі і Цэнтральнага камітэта нямецкіх католікаў у красавіку 2025 года.

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння ясна даў гэта зразумець біскупу Трыра Стэфану Акерману, прадстаўніку Камісіі па літургіі ў Канферэнцыі Біскупаў Германіі, падчас апошняй сустрэчы з нямецкімі біскупамі, якая адбылася ў Ватыкане 12 лістапада 2025 года.

Кардынал удакладніў, што ліст ад 2024 года, які быў апублікаваны на сайце Дыкастэрыі 4 мая 2026 года па ўзгадненні з Папам Львом XIV, быў “адзіным і апошнім адказам” таксама і на канчатковы тэкст, зацверджаны ў красавіку 2025 года. “Тое, што было сказана ў тым лісце, датычыць таксама і тэксту цяперашняга Дапаможніка, які не мае зацвярджэння Дыкастэрыі веравучэння”, - заўважыў кардынал Фернандэс у каментары для “Vatican News”.

Хоць канчатковы тэкст і быў зменены ў параўнанні з чарнавым варыянтам, на самай справе ён не адлюстроўвае зместу ватыканскага ліста ад 2024 года, паколькі, нягледзячы на тое, што кажа пра спантаннасць і свабоду ў дачыненні да благаслаўленняў пазашлюбных пар, ён прапануе свайго роду літургію ці паралітургію, якая выключаецца дэкларацыяй “Fiducia Supplicans” ад снежня 2023 года. У дэкларацыі гаворыцца, што “адносна благаслаўленняў Касцёл мае права і абавязак пазбягаць усякага роду абрадаў”, якія могуць уносіць блытаніну адносна сужэнства.

Падчас пералёту з Экватарыяльнай Гвінеі 23 красавіка 2026 года, адказваючы на пытанне аб прапанове фармалізацыі благаслаўлення гомасексуальных пар у Германіі, Папа Леў XIV сказаў: “Святы Пасад ужо размаўляў з нямецкімі біскупамі. Святы Пасад даў зразумець, што мы не згодныя з фармалізаваным благаслаўленнем пар, у дадзеным выпадку гомасексуальных, ці пар, якія знаходзяцца ў неўрэгуляваных сітуацыях, па-за тым, што, калі так можна сказаць, было дазволена Папам Францішкам”.
 

06 мая 2026, 13:19