Кардынал Паралін адказаў на крытыку Трампа
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас святкавання 70-годдзя Дома палёгкі ў пакутах у італьянскім Сан-Джавані-Ратонда кардынал П’етра Паралін сустрэўся з прэсай. Журналісты папрасілі яго пракаментаваць чарговыя крытычныя выказванні прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Дональда Трампа ў дачыненні да цяперашняга Пантыфіка.
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што Леў XIV ужо адрэагаваў на закіды 13 красавіка 2026 года ў самалёце па дарозе ў Афрыку, і гэтая лінія застаецца нязменнай.
Прадстаўнікі прэсы не абмінулі ўвагай і сітуацыю вакол самога Дома палёгкі ў пакутах. Цяпер установа сутыкаецца з пэўнымі арганізацыйнымі праблемамі і пратэстамі прафесійных саюзаў. Ватыканскі дыпламат заклікаў кіравацца агульнымі правіламі аховы здароўя і аб'яднаць намаганні ўсіх бакоў для вырашэння крызіснай сітуацыі ў медыцынскай сістэме.
Кардынал Паралін выказаў перакананне, што для дасягнення агульных мэт неабходна дзейнічаць разам і ў адным кірунку. Ён таксама нагадаў пра асаблівы характар гэтага шпіталя, які калісьці заснаваў Айцец Піо. Гэтая ўстанова мае вялікую “дабаўленую вартасць”, бо, згодна з традыцыяй, знакаміты святар заўсёды лічыў яе Божай справай і працягвае ахоўваць свой праект з неба.