Пошук

Вынікі галасавання ў французскім парламенце па так званым законе аб "дапамозе ў паміранні" Вынікі галасавання ў французскім парламенце па так званым законе аб "дапамозе ў паміранні" 

Францыя: закон прыняты, але Касцёл працягне супраціў эўтаназіі

Новы закон аб "дапамозе ў паміранні" стаў часткай французскага права, аднак арцыбіскуп Парыжскі Ларан Ульрыш заклікаў не спыняць абарону годнасці чалавечага жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

19 жніўня 2026 года арцыбіскуп Парыжскі Ларан Ульрыш раскрытыкаваў прыняты французскім парламентам закон, які ўводзіць права на "дапамогу ў паміранні". У допісе ў сацыяльнай сетцы “X” ён адзначыў, што гэтае рашэнне супярэчыць заяўленаму парламентам прыярытэту развіцця паліятыўнай дапамогі. Паводле іерарха, такая дапамога павінна быць даступнай кожнаму, асабліва найбольш безабаронным.

Арцыбіскуп прызнаў, што закон стаў часткай французскай прававой сістэмы, але падкрэсліў: гэта не азначае канца супраціву рашэнню, якое, на яго думку, пагражае братэрству і годнасці чалавека. Ён заклікаў працягваць малітву і асабістае служэнне пажылым, хворым і тым, хто адыходзіць. " Гэтае жыццё, якое мы атрымліваем і якое ніколі нам не належыць, трэба любіць і берагчы, а напрыканцы яно патрабуе клопату і апекі", - напісаў Ульрыш.

Іерарх звярнуў увагу на заўвагі Канстытуцыйнай рады адносна закона і назваў іх магчымасцю для ўстаноў, якія спецыялізуюцца на паліятыўнай дапамозе. Ён выказаў спадзяванне на тое, што яны застануцца месцамі, "дзе не будуць забіваць".

Арцыбіскуп таксама заклікаў вернікаў асабіста суправаджаць людзей напрыканцы жыцця, у тым ліку ўключаючыся ў дзейнасць арганізацый, якія дапамагаюць хворым і проста знаходзяцца побач з імі. Пры гэтым ён нагадаў словы Езуса з Евангелля паводле святога Мацвея: "Я быў хворы, і вы адведалі Мяне" (Мц 25, 36).

Асобна пастыр Парыжа заклікаў маліцца за паміраючых, медыцынскіх работнікаў, якім давядзецца адказваць на просьбы аб смерці, і сем'і, што могуць апынуцца ў цяжкіх абставінах у выніку новых правіл.

"Нам давядзецца быць побач з кожным, па-ранейшаму моцна трымацца таго, што мы лічым справядлівым і праўдзівым, але таксама прымаць, суцяшаць і суправаджаць", - напісаў арцыбіскуп Ульрыш. Напрыканцы ён згадаў словы Папы Льва XIV, сказаныя ў дзень яго абрання, пра Касцёл, які "будуе масты і вядзе дыялог" і гатовы "прымаць усіх з распасцёртымі абдымкамі".
 

20 жніўня 2026, 10:02