Пошук

Пасяджэнне французскага епіскапату ў Лудзе. Сакавік 2024 года Пасяджэнне французскага епіскапату ў Лудзе. Сакавік 2024 года  (AFP or licensors)

Папскі візіт і закон пра эўтаназію: чаканні біскупаў Францыі

Набліжаецца папскі візіт у Францыю, які адбудзецца ўсяго праз два месяцы пасля легалізацыі ў гэтай краіне эўтаназіі і асіставанага самагубства. Мясцовыя іерархі ўскладаюць вялікую надзею на голас Папы адносна новапрынятага закона.

Ян Глінскі

“Не магу дачакацца, каб пачуць, што Святы Айцец скажа прадстаўнікам палітычнай эліты. Я веру, што ён узмоцніць пасланне, якое Касцёл у Францыі нястомна абвяшчае па гэтым пытанні”, - адзначыў біскуп Лурдскі Жан-Марк Міка ў размове з амерыканскім выданнем „The National Catholic Register”.

Праграма візіту, між іншым, уключае дзень у Лурдзе. На думку французскага іерарха, менавіта гэтае месца можа стаць найважнейшым пунктам папскага паслання на тэму абароны жыцця. Лурд, як падкрэсліў біскуп, мае асаблівае значэнне ў гэтых дэбатах. Гэтае месца, дзе больш за 160 гадоў збіраюцца хворыя і непаўнаспраўныя, нагадвае пра неад’емную годнасць кожнага чалавека. “Лурд – гэта свет, перавернуты дагары нагамі: месца, дзе беднасць, хвароба і непаўнаспраўнасць не ўтойваюцца, а з’яўляюцца часткай чалавечай рэчаіснасці”, – адзначыў біскуп Лурдскі, назваўшы мясцовы марыйны санктуарый “прыгожай лабараторыяй гуманізму”. На яго думку, такое бачанне чалавека цалкам супярэчыць логіцы легалізацыі эўтаназіі; а абавязак Касцёла – нагадваць вернікам, што само існаванне закона не азначае маральнай слушнасці таго ці іншага дзеяння.

Візіт Льва XIV запланаваны на 25-28 верасня 2026 года. Гэта будзе яго першае падарожжа ў Францыю як Пантыфіка, і першы папскі візіт у гэтай краіне за апошнія дваццаць гадоў.

Падрыхтоўка да прыезду Папы выклікала вялікі рэзананс. Распачаты ў сярэдзіне ліпеня агульнанацыяльны збор сродкаў на пакрыццё выдаткаў візіту, якія ацэньваюцца прыкладна ў 15 мільёнаў еўра, прыцягнуў ахвярадаўцаў таксама з пазакасцельных колаў.
 

31 ліпеня 2026, 11:17