Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Robert Kneschke - stock.adobe.com)

Біскупы Францыі: закон аб эўтаназіі – адыход ад традыцыі клопату

Епіскапат Францыі выказаўся супраць закона аб легалізацыі эўтаназіі і асіставанага самагубства, прынятага 15 ліпеня 2026 года. Біскупы апублікавалі заяву, у якой назвалі рашэнне Нацыянальна сходу паваротным момантам у гісторыі краіны.

Ян Глінскі

На працягу апошніх чатырох гадоў біскупы Францыі прымалі актыўны ўдзел у публічнай дыскусіі на тэму эўтаназіі, прадстаўляючы пазіцыю Касцёла адносна заканчэння чалавечага жыцця. Іерархі перакананыя, што на ход дыскусіі істотна паўплывалі палітычныя, ідэалагічныя і эканамічныя погляды.

Як падкрэсліваецца ў заяве епіскапату, прыняты закон азначае адыход ад традыцыі клопату пра цяжкахворых і паміраючых. Новыя правілы могуць змяніць грамадскае ўспрыманне старасці, інваліднасці, хвароб і чалавечай уразлівасці, а таксама аслабіць давер паміж пацыентамі, іх сем’ямі і медыцынскімі работнікамі. Біскупы падкрэслілі рызыку ўскоснага ціску на пажылых і ўразлівых людзей і адзначылі, што вопыт іншых краін паказвае тэндэнцыю да паступовага пашырэння крытэрыяў доступу да эўтаназіі і асіставанага самагубства.

Замест гэтага іерархі заклікалі да далейшага развіцця паліятыўнай дапамогі і новага імпульсу для ўдзелу сем’яў, медыкаў, валанцёраў і святароў у суправаджэнні людзей у канцы жыцця. У заяве прагучала таксама падзяка ўсім медыцынскім работнікам і апекунам хворых, пажылых людзей і інвалідаў.

Аўтары заявы таксама заклікалі каталіцкія медыцынскія ўстановы заставацца вернымі прынцыпу пашаны да годнасці кожнага чалавека і ўстрымлівацца ад эўтаназіі або асіставанага самагубства.

Заяву падпісалі старшыня Канферэнцыі Біскупаў Францыі кардынал Жан-Марк Авелін, віцэ-старшыня епіскапату арцыбіскуп Вінцэнт Жордзі і віцэ-прэзідэнт Канферэнцыі біскупаў Францыі біскуп Бенуа Бертран.

17 ліпеня 2026, 08:47