Біскуп апісаў крытычную сітуацыю на Кубе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У размове з Папскім фондам "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" кубінскі іерарх назваў цяперашнія абставіны "найбольш сумным момантам" у сучаснай гісторыі дзяржавы. У выніку катастрафічнага становішча і адсутнасці элементарных умоў для існавання некаторыя каталіцкія супольнасці былі вымушаны пакінуць Кубу. Прычынай гэтага стала вострая нястача харчавання, вады, паліва і медыкаментаў, якая пагрузіла рэгіён у галечу.
Старшыня епіскапату падкрэсліў, што недахоп самага неабходнага прыводзіць да трагічных наступстваў для вернікаў. "Куба пакутуе. Усё часцей падчас святой Імшы людзі падаюць у непрытомнасць ад голаду. Чалавек, якому патрэбна аперацыя, павінен сам знайсці супрацьболевыя сродкі, хірургічныя ніткі і іншыя неабходныя матэрыялы перад тым, як патрапіць у бальніцу", - засведчыў біскуп Гансалес Амадор.
Пагаршэнне сітуацыі на востраве адбылося пасля таго, як у студзені 2026 года быў усунуты ад улады прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. На працягу многіх гадоў яго ўрад забяспечваў Кубу нафтай і іншымі важнымі таварамі. Цяперашнія цяжкасці аказаліся больш сур'ёзнымі, чым выкліканы распадам Савецкага Саюза так званы "асаблівы перыяд" 1990-х гадоў. Нават Расія і Кітай, якія маюць тут стратэгічныя інтарэсы, не змаглі палегчыць становішча.
Энергетычны калапс непасрэдна паўплываў і на літургічнае жыццё Касцёла. Сёлета ў многіх парафіях нават набажэнства Пасхальнай вігіліі прыйшлося адправіць у светлы час сутак. Прычынай сталі не толькі праблемы з электрычнасцю, але і трывога за бяспеку вернікаў, якія баяцца вяртацца дадому ў цемры.
Біскуп Гансалес адзначыў, што сярод грамадзян пануе страх перад магчымым ваенным канфліктам. Паводле яго слоў, на вуліцах гарадоў усё часцей гучаць словы адчаю пра тое, што людзі больш не могуць зносіць гэтыя пакуты і не маюць да каго звярнуцца.
Нягледзячы на ўсебаковую няпэўнасць і небяспеку, каталіцкія біскупы і касцельныя арганізацыі цвёрда заяўляюць пра намер заставацца з людзьмі на Кубе пры любым развіцці падзей. У бязвыхадным становішчы мясцовы Касцёл працягвае шукаць магчымасці для аказання дапамогі пажылым асобам, адзінокім і самым бедным.
"Задача Касцёла – падтрымліваць дух, дарыць надзею там, дзе яе нестае, слухаць людзей і суправаджаць іх", - падкрэсліў кіраўнік кубінскага епіскапату.