Пошук

На вуліцах Гаваны На вуліцах Гаваны  (AFP or licensors)

Хлеб і суцяшэнне: як Касцёл ратуе Гавану ад роспачы

На фоне глыбокага энергетычнага і гуманітарнага крызісу Каталіцкі Касцёл на Кубе становіцца для народа сімвалам суцяшэння, дапамогі і нястомнай малітвы за годнасць чалавека.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сённяшняя рэчаіснасць на Кубе апісваецца як надзвычай складаная. Краіна пакутуе ад наступстваў энергетычнага калапсу, які паралізаваў звыклае жыццё і абвастрыў сацыяльныя праблемы.

У інтэрв’ю для “Vatican News” ксёндз Арыэль Суарэс Хаурэгі, намеснік генеральнага сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Кубы і пробашч базілікі Найсвяцейшай Панны Марыі Міласэрнасці з Кобрэ ў Гаване, падкрэсліў: “Мы тут. І не сядзім склаўшы рукі”.

Святар малюе трывожную карціну: кошты на ежу імкліва растуць, медыкаменты становяцца рэдкасцю, а хірургічныя аперацыі праводзяцца толькі ў выпадках смяротнай пагрозы. Адсутнасць паліва блакіруе падвоз пітной вады ў раёны, якія залежаць ад цыстэрнаў. У такіх умовах Касцёл засяроджваецца на душпастырстве міласэрнасці.

Асаблівую ўдзячнасць кубінскія вернікі выказваюць Льву XIV. Хоць візіт біскупаў “ad limina” прыйшлося адкласці, Папа падчас малітвы “Анёл Панскі” заклікаў да сур’ёзнага дыялогу дзеля палягчэння пакут народа. Гэты жэст быў успрыняты як сапраўдная айцоўская падтрымка.

Душпастырская праца не спыняецца, хоць і патрабуе гераічных высілкаў. У парафіях арганізуюцца сталовыя для пажылых людзей, валанцёры развозяць ежу тым, хто жыве на вуліцах ці ў парках. Ксёндз Суарэс адзначае, што нават самі валанцёры маюць тыя ж патрэбы, што і іншыя, але дзеляцца сваім часам і энергіяй з усмешкай і павагай да бедных.

У кантэксце Вялікага посту, які з’яўляецца шляхам да Пасхі, кубінскі святар заклікае свой народ не паддавацца нянавісці ці агрэсіі.
 

27 лютага 2026, 09:10