Два народы – дзве дзяржавы: нязменная лінія Папаў і Святога Пасада
Марыя Валодзіна - Vatican News
Рашэнне блізкаўсходняга канфлікта па прынцыпу “дзве дзяржавы” было і застаецца адзіным магчымым шляхам да міру паміж Ізраілем і Палесцінай. Змяняліся Папы, сітуацыя на Блізкім Усходзе таксама змянілася: пасля 7 кастрычніка 2023 года рэгіён сутыкнуўся з моцнай эскалацыяй, ростам насілля і паглыбленнем падзелаў. Аднак дыпламатычная лінія Святога Пасада на працягу амаль васьмідзесяці гадоў застаецца нязменнай: рашэнне па прынцыпу “дзве дзяржавы” – адзіная перспектыва, здольная гарантаваць справядлівасць і мір. Леў XIV стаў чарговым Папам, які рашуча пацвердзіў гэтую ранейшую пазіцыю, якая не менялася на працягу дзесяцігоддзяў, нягледзячы на катэгарычную адмову з боку ізраільскага ўрада. Пра гэта ў сваім аналізе нагадвае журналіст італьянскай рэдакцыі “Vatican News” Сальваторэ Чэрнуцыа.
“Я настойліва заклікаю міжнародную супольнасць зрабіць усё магчымае для садзейнічання рэалізацыі рашэння аб дзвюх дзяржавах на карысць справядлівага і трывалага міру”, - сказаў Леў XIV у нядзелю, 16 жніўня 2026 года, падчас малітвы “Анёл Панскі” ў Кастэль-Гандольфа, рашуча асудзіўшы акты насілля ў дачыненні да палесцінцаў на Заходнім беразе Ярдана. Пантыфік заклікае паскорыць гэты працэс, каб праект, фактычна сфармуляваны яшчэ ў 1947 годзе ў плане Генеральнай Асамблеі ААН аб падзеле Палесціны на дзве дзяржавы, нарэшце быў рэалізаваны.
Непахісная дыпламатычная дактрына
Пасля першапачатковага патрабавання інтэрнацыяналізацыі святых месцаў Іерусаліма ў 1947 годзе рашэнне аб дзвюх дзяржавах, пачынаючы з 1980-х гадоў, стала стрыжнем дыпламатычнай дактрыны Святога Пасада адносна ізраільска-палесцінскага канфлікту. Гэта непахісная пазіцыя, укаранёная ў часе, а не прадыктаваная эмацыйнымі рэакцыямі на шматлікія эскалацыі. І кожны раз яна атрымлівала новае пацвярджэнне з боку Папаў.
Заклік Пія XII да аховы святых месцаў
Першыя заявы датуюцца 1948 годам, калі Пій XII у энцыкліцы “In multiplicibus curis” заклікаў да “парадку” на “святой зямлі” Палесціны, які гарантаваў бы бяспеку існавання і разам з тым фізічныя і маральныя ўмовы жыцця, здольныя стварыць належную аснову для духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту”. У наступнай энцыкліцы “Redemptoris nostri cruciatus” (1949 год), выказваючы занепакоенасць тым, што святыя месцы, звязаныя з жыццём Збаўцы, могуць пацярпець ад ваенных дзеянняў, Пій XII заклікаў выкарыстоўваць усе законныя сродкі дзеля таго, каб Іерусалім атрымаў належны юрыдычны статус.
Павел VI і законныя правы палесцінцаў
Павел VI – першы Папа, які здзейсніў пілігрымку ў Святую Зямлю ў 1964 годзе, – напярэдадні Шасцідзённай вайны 1967 года адкрыта казаў пра законныя правы палесцінскага народа, змяніўшы падыход да праблемы і ператварыўшы яе з надзвычайнай гуманітарнай сітуацыі ў фундаментальнае палітычнае пытанне. У сваім эмацыйным пасланні да Генеральнага сакратара ААН У Тана Павел VI ад імя ўсяго хрысціянскага свету заклікаў прыкласці ўсе намаганні, каб “Іерусалім, з яго асаблівым святым характарам, быў абвешчаны адкрытым і недатыкальным горадам”, свабодным ад ваенных аперацый і абароненым ад наступстваў вайны.
Імпульс Яна Паўла II
Вырашальны імпульс даў Ян Павел II – першы Папа, які рашуча заявіў аб праве палесцінцаў на незалежную дзяржаву і адначасова пацвердзіў права Ізраіля жыць у бяспецы. Гэты двайны заклік быў сфармуляваны ў апостальскім лісце “Redemptionis anno” 1984 года: “Для яўрэйскага народа, які жыве ў Дзяржаве Ізраіль і захоўвае на гэтай зямлі такія каштоўныя сведчанні сваёй гісторыі і веры, мы павінны прасіць аб жаданай бяспецы і справядлівым супакоі, які з'яўляецца прэрагатывай кожнай нацыі і ўмовай жыцця і прагрэсу для кожнага грамадства”, - пісаў Папа. “Палесцінскі народ, які на гэтай зямлі мае свае гістарычныя карані і дзесяцігоддзямі застаецца расцярушаным па розных краінах, мае натуральнае права, па прынцыпу справядлівасці, знайсці сваю бацькаўшчыну і жыць у міры і супакоі з іншымі народамі рэгіёна”. Гэтую пазіцыю Ян Павел II пацвердзіў і ў 2000 годзе падчас пілігрымкі ў Святую Зямлю, якая, хоць і не была першай папскай пілігрымкай у гэты рэгіён, стала гістарычнай па свайму значэнню.
Падтрымка Бэнэдыкта XVI
Праз дзевяць гадоў святую і параненую зямлю Езуса зноў наведаў Папа: у маі 2009 года Бэнэдыкт XVI здзейсніў апостальскае падарожжа на Блізкі Усход. Ідучы па шляху свайго папярэдніка, ён падкрэсліў, што формула “дзве дзяржавы” – не ўтопія, а перадумова для спынення спіралі насілля і гарантыі будучыні рэгіёна. “Святы Пасад падтрымлівае права палесцінскага народа на суверэнную дзяржаву на зямлі яго продкаў, бяспечную і ў міры з суседзямі, у межах, прызнаных міжнароднай супольнасцю”, - казаў Бэнэдыкт XVI. Ён заклікаў “падтрымліваць агонь надзеі”, каб знайсці “шлях да збліжэння законных памкненняў як ізраільцян, так і палесцінцаў да міру і стабільнасці”.
Словы і дзеянні Папы Францішка
Пры Францішку гэтая пазіцыя набыла міжнароднае і афіцыйнае вымярэнне, умацаваўшыся як дыпламатычнымі крокамі (такімі як падпісанне Святым Пасадам у 2015 годзе пагаднення, якое афіцыйна прызнала Дзяржаву Палесціна), так і душпастырскімі ініцыятывамі, сярод якіх была сумесная малітва за мір у Ватыканскіх садах у 2014 годзе з удзелам прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса і прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса. Гэтая сустрэча стала вынікам апостальскага падарожжа ў Святую Зямлю, падчас якой Папа Францішак лаканічна заявіў: “Для ўсіх настаў час праявіць мужнасць шчодрасці і творчасці на службе дабру, мужнасць міру, які абапіраецца на прызнанне ўсімі права дзвюх дзяржаў на існаванне і на мірнае і бяспечнае жыццё ў міжнародна прызнаных межах”.
У наступныя гады Францішак імкнуўся надаць дадатковы імпульс дыпламатычнаму і сімвалічнаму працэсу рэалізацыі гэтага рашэння. Яго словы і дзеянні падтрымліваліся заявамі Пастаянных місій Святога Пасада пры міжнародных арганізацыях, а таксама выказваннямі кардынала Дзяржаўнага сакратара П'етра Параліна, які не раз падкрэсліваў, што “рашэнне "два народы – дзве дзяржавы" з'яўляецца найбольш тэрміновым палітычным шляхам, якім трэба ісці”.
Заклікі Льва XIV
Гэтая спадчына цяпер знаходзіцца ў руках Льва XIV, які адразу ж вярнуў у цэнтр сусветнай дыскусіі пытанне пра дзве дзяржавы. Асабліва запамінальнымі сталі яго заявы на борце самалёта, які вёз яго са Стамбула ў Бейрут у рамках апостальскага падарожжа ў Турцыю і Ліван: “Cвяты Пасад ужо шмат гадоў публічна падтрымлівае прапанову рашэння па прынцыпу “дзве дзяржавы”. Мы ўсе ведаем, што на гэты момант Ізраіль усё яшчэ не прымае гэтага рашэння, але мы бачым у ім адзіны шлях, які мог бы развязаць канфлікт, у якім яны пастаянна жывуць”. Гэтыя словы прагучалі зноў на аўдыенцыі для дыпламатычнага корпуса 9 студзеня 2026 года: “Рашэнне па формуле “дзве дзяржавы” застаецца інстытуцыйнай перспектывай, якая адпавядае законным імкненням абодвух народаў”.
Заклікі Льва XIV і яго папярэднікаў застаюцца без адказу. Вайна працягвае разбураць жыцці народаў, шлях да міру ўсё больш зацягваецца хмарамі. Аднак для Пантыфікаў і Святога Пасада палітычны тупік і гуманітарная трагедыя не адмяняюць слушнасці гэтага рашэння, а, наадварот, яшчэ больш падкрэсліваюць яго надзённасць. Менавіта да гэтага заклікаў Леў XIV, звяртаючыся да міжнароднай супольнасці.
