Пошук

Леў XIV: рэформа літургіі была накіравана на свядомы ўдзел вернікаў

Удзел вернікаў у літургіі павінен быць свядомым, пабожным і актыўным, - нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

26 жніўня 2026 года Леў XIV завяршыў цыкл катэхез, прысвечаных літургіі. Спасылаючыся на канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора “Sacrosanctum Concilium”, ён звярнуў увагу на прычыны, якія падштурхнулі айцоў Сабора да рэформы літургіі. Яе мэтай было дапамагчы вернікам глыбей разумець літургію і ўдзельнічаць у ёй свядома, пабожна і актыўна, - падкрэсліў ён.

Пантыфік нагадаў словы тагачаснага арцыбіскупа Мілана Джавані Батысты Манціні, які 28 кастрычніка 1962 года ў трэцім “Лісце з Сабора” звярнуўся да вернікаў сваёй архідыяцэзіі. Будучы Павел VI пісаў, што літургія з’яўляецца “шчырым выразам як Боскага, так і чалавечага”, мовай і сродкам перадачы Божага навучання, а таксама голасам размовы чалавека з Богам. Ён падкрэсліваў, што вернікі “больш не могуць і не павінны заставацца нямымі і пасіўнымі, бо іх фізічная прысутнасць не можа спалучацца з духоўнай адсутнасцю”.

Леў XIV адзначыў, што гэтыя думкі знаходзяць пацвярджэнне ў 48-м артыкуле Канстытуцыі “Sacrosanctum Concilium”. У ёй Сабор падкрэсліў неабходнасць таго, каб вернікі прысутнічалі на літургіі не як чужыя або нямыя гледачы, але добра яе разумелі і ўдзельнічалі ў набажэнстве свядома, пабожна і актыўна. На думку Папы, менавіта словы і жэсты літургіі дапамагаюць вернікам перажыць сапраўдныя адносіны з Богам і ўвайсці ў кантакт з падзеяй Збаўлення.

З гэтай прычыны ўзнікла неабходнасць зрабіць для ўсіх вернікаў больш даступным багацце біблійных тэкстаў і малітваў, спрасціць і больш лагічна ўпарадкаваць парадак літургічных цэлебрацый. Захоўваючы глыбокую пашану да Традыцыі, Другі Ватыканскі Сабор палічыў неабходным перагледзець літургічныя кнігі, каб зрабіць гэтую спадчыну больш даступнай для вернікаў, - падкрэсліў Пантыфік.

Агульная аўдыенцыя ў Ватыкане
Агульная аўдыенцыя ў Ватыкане   (@VATICAN MEDIA)

Папа працытаваў 21-ы артыкул Канстытуцыі “Sacrosanctum Concilium”, дзе гаворыцца пра жаданне Касцёла правесці дбайную агульную рэформу літургіі, каб хрысціянскі народ мог больш поўна атрымліваць багацце ласкаў, якія яна змяшчае. Паводле айцоў Сабора, літургія мае нязменную частку, устаноўленую Богам, і чалавечыя элементы, якія могуць змяняцца з цягам часу.

Леў XIV адзначыў, што імкненне да рэформы літургіі не ўзнікла раптоўна. Яно праяўлялася ў дзейнасці Пап пачатку ХХ стагоддзя і было звязана з Літургічным рухам. Пій XI падкрэсліваў неабходнасць таго, каб вернікі не прысутнічалі на набажэнствах як “чужыя або нямыя гледачы”. Пій XII, у сваю чаргу, правёў рэформу літургіі Вялікага тыдня, а Ян XXIII таксама палічыў неабходным спрасціць рубрыкі брэвіярыя і імшала.

Такім чынам, літургічная рэформа Другога Ватыканскага Сабора працягвае жывую Традыцыю Касцёла. Правільнае яе разуменне дазваляе пазбегнуць злоўжыванняў, якія ўзнікалі ў некаторых сферах касцёльнага жыцця пасля Сабора і якія часам адбываюцца і сёння. Такія злоўжыванні могуць узнікаць, калі асобныя прынцыпы рэформы абсалютызуюцца або разумеюцца няправільна, - заўважыў Папа.

Агульная аўдыенцыя ў ватыканскай базіліцы
Агульная аўдыенцыя ў ватыканскай базіліцы   (@VATICAN MEDIA)

Пантыфік нагадаў, што літургічныя дзеянні з’яўляюцца не прыватнымі, а касцёльнымі цэлебрацыямі і належаць усяму Целу Касцёла. Ён падкрэсліў асаблівую адказнасць пастыраў, біскупаў і святароў за захаванне і развіццё літургіі. Яна павінна здзяйсняцца ў адпаведнасці з літургічнымі нормамі, адрознівацца “высакароднай прастатой” і такім чынам адлюстроўваць адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл.

Такая літургія можа стаць таксама важным сродкам евангелізацыі і інструментам ласкі, які навучыць нас ахвяраваць сябе і праз пасрэдніцтва Хрыста ўдасканальвацца ў еднасці з Богам і паміж сабой, - заключыў Папа.

26 жніўня 2026, 11:34

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >