Папа: сакральная музыка адкрывае сэрца на Божую ласку
Марыя Валодзіна - Vatican News
На агульнай аўдыенцыі, якая 19 жніўня 2026 года з прычыны рымскай спёкі прайшла ў Базіліцы Святога Пятра, Папа працягнуў цыкл разважанняў над канстытуцыяй Другога Ватыканскага Сабора “Sacrosanctum Concilium”, звярнуўшыся да яго шостага раздзела. Сваю катэхезу ён прысвяціў сакральнай музыцы, падкрэсліўшы, што яна з’яўляецца неад'емнай часткай урачыстай літургіі, а не проста яе дэкаратыўным аздабленнем.
Пантыфік заўважыў, што падчас набажэнства музыка і спевы з’яўляюцца формай малітвы, якая дапамагае адкрыць сэрца на дзеянне Божай ласкі. Сумесны спеў, акрамя таго, спрыяе еднасці вернікаў, яднае іх душы, дазваляючы пераадольваць адрозненні і аб'ядноўваць усіх у праслаўленні Бога. Такім чынам, спеў становіцца бачным выразам самой прыроды Касцёла. Таму сакральная музыка павінна адпавядаць пэўным патрабаванням: спалучаць высокую музычную якасць і лёгкасць выканання, высакароднасць і прастату, асабліва калі яна прызначана для выканання ўсёй супольнасцю. Сабор рэкамендуе, каб і тэксты сакральных спеваў былі адначасова глыбокімі і лёгкімі для разумення, грунтаваліся на Святым Пісанні і Традыцыі Касцёла, падтрымліваючы сувязь паміж малітвай і верай.
Леў XIV нагадаў, што вернікі закліканы да актыўнага ўдзелу ў літургіі, які ўключае спевы, адказы, псальмы, антыфоны і маўчанне, пры гэтым усе ўдзельнікі – як святары, так і вернікі – павінны выконваць сваю ролю ў адпаведнасці з прыродай абраду і літургічнымі нормамі ў гарманічнай раўнавазе паміж рознымі служэннямі.
Святы Айцец нагадаў пра асаблівае значэнне грыгарыянскага спеву, што аднак не выключае іншых форм сакральнай музыкі. Што да музычных інструментаў, то асаблівая ўвага надаецца аргану, аднак выкарыстанне іншых інструментаў дапускаецца, калі яны адпавядаюць святасці і годнасці літургіі, а таксама спрыяюць духоўнаму ўзбагачэнню вернікаў. Сабор таксама заклікае ўлічваць музычныя традыцыі розных народаў як частку іх рэлігійнага і грамадскага жыцця.
Асаблівая роля ў літургіі адводзіцца хору (schola cantorum), закліканага забяспечваць належнае выкананне музычных твораў і спрыяць актыўнаму ўдзелу вернікаў у супольным спеве. Кампазітары, якія ствараюць сакральную музыку, пакліканы ведаць і захоўваць музычную спадчыну Касцёла і, абапіраючыся на яе, пісаць новыя творы, якія адпавядаюць сучаснай культуры і годнасці літургіі, пазбягаючы стылявой нядбайнасці, неахайных форм і няўклюдных тэкстаў і мелодый, - падкрэсліў Папа.
Пантыфік заклікаў развіваць навучанне і практыку сакральнай музыкі ў семінарыях, навіцыяце мужчынскіх і жаночых манаскіх ордэнаў і каталіцкіх адукацыйных установах, а таксама забяспечваць грунтоўную літургічную падрыхтоўку музыкантаў і спевакоў.
Завяршаючы катэхезу, Леў XIV нагадаў пра высокае значэнне сакральнай музыкі як сімвала касцёльнай еднасці і працытаваў святога Ігнацыя Антыяхійскага, які заклікаў вернікаў быць адзіным хорам, разам праслаўляць Бога і добрымі ўчынкамі сведчыць пра сваю прыналежнасць да Яго Сына.
