Папа: у Хрысце мы знаходзім спакой і сілу сярод жыццёвых бур
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Падчас сустрэчы з вернікамі на нядзельнай малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла апоўдні 9 жніўня 2026 года на Плошчы Святога Пятра, Леў XIV пракаментаваў евангельскі літургічны урывак пра тое, як пасярод буры ў Галілейскім возеры Езус падышоў да сваіх вучняў, ідучы па вадзе (пар. Мц 14, 22-33).
Пантыфік нагадаў, што пасля цуду размнажэння хлябоў і рыбаў Настаўнік загадаў сваім сесці ў човен і адплыць на другі бераг, а сам падняўся на гару, каб адасобіцца і памаліцца. Удалечыні ад берага вучні, аднак, трапілі ва ўладу ветру і з цяжкасцю рухаліся наперад.
“Пасля паспяховага досведу, калі яны сталі сведкамі цудоўнага знаку, цяпер аказаліся бездапаможнымі і спалоханымі перад пагрозай хваляў і сустрэчнага ветру”, - заўважыў Папа.
Леў XIV нагадаў таксама, што пад канец ночы Езус прыйшоў да вучняў па неспакойнай вадзе, а яны, спалохаўшыся, прынялі Яго за прывід. Езус, аднак, сказаў ім: “Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!”. Прысутнасць Пана ўсё змяніла: Пётр нават быў здольны зрабіць некалькі крокаў па хвалях насустрач Яму; потым спалохаўся, пачаў тануць, і Езус яго выратаваў. Калі ж Настаўнік узышоў у човен, бура сціхла, і тады з сэрца вучняў спантанна вырвалася вызнанне веры: “Ты сапраўды Сын Божы!”.
“Каб прыйсці да гэтага, ім было недастаткова стаць сведкамі цуду ці мець поспех перад людзьмі: яны павінны былі прайсці праз досвед уласнай слабасці і менавіта ў ёй распазнаць прысутнасць Бога. Толькі так яны змаглі па-сапраўднаму адкрыць вочы і сэрцы на Яго блізкасць і знайсці спакой нават сярод буры”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што праз некаторы час Езус сказаў вучням: “Калі ў вас будзе вера і не будзе сумненняў, то […] калі скажаце гары гэтай: “Падыміся і кінься ў мора”, збудзецца” (Мц 21, 21). “І менавіта гэта яны перажылі на возеры: спакой Хрыста, які быў на гары і маліўся, дасягнуў іх сярод шалёных хваляў”, - сказаў Святы Айцец.
“Гэты цуд вучыць нас важнай рэчы: у першую чаргу не ўзносіцца, калі маем поспех, і ніколі не спадзявацца толькі на сябе; і адначасова не ўпадаць у роспач нават у хвіліны цемры, калі мы адчуваем сябе бездапаможнымі перад праблемамі і, нягледзячы на ўсе нашы намаганні, нам здаецца, што мы рухаемся хутчэй назад, чым наперад. У любых абставінах Езус нас не пакідае. І калі мы пакорна прымаем Яго ў човен нашага жыцця – праз малітву, сакрамэнты, слуханне Яго слова – у Ім мы знойдзем спакой, святло і сілу для нашага шляху”, - запэўніў Леў XIV.
“Няхай Марыя дапаможа нам жыць так, з даверлівым адданнем сябе Богу – Яна, якую назвалі благаслаўлёнай за яе веру”, - сказаў на завяршэнне нядзельнага разважання Папа.