Папа: навучымся глядзець на бліжняга і свет вачыма Бога

Іспанскі народ падбадзёрыў мяне сваё верай і любоўю, - прызнаўся Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 17 чэрвеня 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV падзяліўся разважаннямі пра сваё падарожжа ў Іспанію, адзначыўшы цёплы прыём грамадства, жывую веру Божага народа і важнасць пошуку адзінства на аснове Евангелля, а не ідэалогій.

Пантыфік заўважыў, што пасля доўгага падарожжа ў чатыры афрыканскія дзяржавы, на гэты раз ён “апынуўся ў еўрапейскай краіне са старажытнай і надзвычай багатай каталіцкай традыцыяй”, дзе сустрэў вельмі гасцінны прыём з боку людзей розных узростаў і сацыяльных станаў, а таксама жаданне пачуць яго словы. “Народ Божы вельмі падбадзёрыў мяне святочным сведчаннем сваёй веры і любові”, - сказаў ён.

“Бясспрэчна такі ўдзел перш за ўсё выяўляе, як я ўжо казаў, веру іспанскага народа; але адначасова, на маю думку, ён сведчыць пра шырока распаўсюджаную патрэбу знайсці адзінства на сапраўднай і глыбокай аснове, а не на ідэалогіі ці прыватных інтарэсах. Гэту аснову ў канчатковым выніку можа даць толькі Хрыстус, а Евангелле праз неабходную “інкультурацыю” можа прынесці яе ў жыццё народаў. Евангелле здольнае гэта зрабіць, бо яго пасланне цалкам адказвае на абедзве гэтыя патрэбы: пошук праўды і прагу справядлівасці”, - сцвердзіў Папа.

Леў XIV згадаў пра свае візіты і сустрэчы ў вялікіх катэдрах і на сучасных стадыёнах Мадрыда і Барселоны; пра ружанцовую малітву ў абацтве Мантсерат; пра эўхарыстычную цэлебрацыю ў базіліцы “Саграда Фамілія” – “велічным сімвале, сімфоніі каменю і святла, якая распавядае ўсім пра хрысціянскую таямніцу”.

“Гэтая сустрэча старажытнага і сучаснага, каталіцкай традыцыі і сучаснай культуры дазволіла мне на ўласныя вочы ўбачыць сапраўднае аблічча Еўропы, яе бясцэннае багацце, як актуальнай, а не састарэлай рэальнасці. Гэта спадчына, якую трэба беражліва захоўваць, каб мець магчымасць прыносіць яе ў сённяшні глабальны свет з яго эпахальнымі выклікамі, якія датычаць міру, інтэгральнай экалогіі, справядлівага і ўстойлівага развіцця, павагі да чалавечай годнасці”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік прызнаўся, што падчас розных сустрэч у Іспаніі адчувалася патрэба “чуць у голасе Папы Евангелле надзеі для сучаснага чалавецтва, моцна параненага негатыўнымі наступствамі падманлівай мадэлі развіцця”.

“Гэту патрэбу, якая выявілася ў шматлікіх сведчаннях, што мне давялося пачуць – часам кранальных, часам павучальных, – я распазнаў таксама і перш за ўсё ў абліччах малых і бедных, якіх сустрэў: хлопчыка, які прачытаў мне свой ліст у парафіі; некалькіх ахвяр злоўжыванняў, якія прасілі, каб іх выслухалі; вязняў, што чакалі мяне ў турме; моладзі, поўнай трывог і задум; мігрантаў у цэнтрах прыёму на Канарскіх астравах”, - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што менавіта візіт на Канарскія астравы – архіпелаг у Атлантычным акіяне, дзе мясцовы Касцёл дапамагае вялікай колькасці вымушаных мігрантаў, дапамог зразумець, што “мы пакліканыя перачытваць Евангелле ў сённяшнім свеце, абменьваючыся дарамі нашых культур і асабліва плёнамі, якія ў іх нарадзіліся дзякуючы плоднасці паслання Хрыста”.

“І адным з такіх плёнаў з’яўляецца менавіта дыялог паміж людзьмі і народамі, сустрэча ў духу братэрства, якая дазваляе ўзаемна адкрываць і цаніць каштоўнасці, носьбітам якіх з’яўляецца іншы. Гэты шлях няпросты, ён патрабуе добрай волі і Божай дапамогі, але менавіта ён вядзе да цывілізацыі любові”, - сказаў Папа.

“Дарагія браты і сёстры, дэвізам гэтага Апостальскага падарожжа былі словы “Alzad la mirada” – “Падыміце вашыя вочы”. Гэта словы Езуса, звернутыя да Яго першых вучняў, каб навучыць іх бачыць у людзях і натоўпах прагненне жыцця, праўды і паўнаты. Мне самому Пан зноў паўтарае гэтыя словы, і дзякуючы Яго ласцы я адчуў іх таксама падчас гэтага падарожжа. Сёння я хацеў бы падзяліцца гэтым заклікам з вамі: давайце падымем вочы! Навучымся ў Езуса глядзець на бліжняга, на людзей і на свет “вачыма Бога”, гэта значыць з любоўю, павагай і спагадай”, - заклікаў Пантыфік, выказаўшы падзяку ўсім, хто маліўся аб яго добрым падарожжы, асабліва манахіням з кантэмпляцыйных супольнасцей, якіх у Іспаніі вельмі шмат.
 

17 чэрвеня 2026, 10:31

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >