Леў XIV: у Тройцы мы адкрываем пакліканне да еднасці

“Тройца вучыць нас любіць усё і ўсіх: мы адкрываем, што кожнае стварэнне створана для адзінства, адносін, сустрэчы”, - падкрэсліў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла ў Ватыкане 31 мая 2026 года ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Леў XIV нагадаў, што з урачыстасцю Пяцідзесятніцы, тыдзень таму, завяршыўся Велікодны перыяд. “Святкуючы сёння Таямніцу Бога-Тройцы, нам даецца магчымасць пераасэнсаваць пройдзены шлях, узіраючыся ў яго цэнтр: жыццё Бога, якое было даравана нам у Езусе Хрысце. Гэтае жыццё – дынамічная, невычэрпная, плённая еднасць, у якую мы цяпер уключаны: Дух, які звязвае Айца і Сына, быў выліты ў нашыя сэрцы, так што ў свеце ўзнік Касцёл – сакрамэнт адзінства, прастора сустрэчы, любові і жыцця, дзе неба і зямля ўжо дакранаюцца адно да аднаго”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што Евангелле сённяшняй літургіі “прадстаўляе нам Нікадэма, важную асобу ў Ізраэлі, які адчуў глыбокае прыцягненне да Езуса”. “Нікадэм пайшоў наведаць Яго ўначы, каб яго не ўбачылі, жадаючы бліжэй пазнаць гэтага таямнічага Настаўніка і задаць Яму пытанні. Прыняўшы яго, Пан сур’ёзна паставіўся да ягоных пошукаў. Езус здзівіў Нікадэма, падказаўшы, што нават даросламу чалавеку магчыма нарадзіцца нанова; Ён даў яму адчуць, што Божае жыццё магло б змяніць ягонае жыццё. Езус гаварыў з Нікадэмам пра Святога Духа, асвятліў яго ноч праўдай, якая ў сённяшняе свята гучыць ва ўсіх нашых святынях: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”. І яшчэ: “Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго”, - адзначыў Леў XIV.

Папа падкрэсліў, што “у Таямніцы Бога – Айца, і Сына, і Духа Святога – мы знаходзімся дома, як і Нікадэм адчуваў сябе дома побач з Езусам”. “Божае жыццё цудоўнае і захапляльнае, яно даруе спакой нашаму сэрцу, часта такому неспакойнаму, і дазваляе нам сустракаць братоў і сясцёр у радасці Духа. Тройца вучыць нас любіць усё і ўсіх: мы адкрываем, што кожнае стварэнне створана для адзінства, адносін, сустрэчы. І, наадварот, мы разумеем, чаму падзелы, палярызацыя, пагарда да адметнасцяў прыносяць у свет разбурэнне, смутак і сухасць”, - сцвердзіў ён.

Леў XIV заўважыў, што “Нікадэм уваходзіў у склад Сінедрыёна – Рады кіраўнікоў Ізраіля”. “Калі ў Сінедрыёне ён пачуў словы пагарды ў адрас Езуса, ён заклікаў усіх выслухаць Яго, перш чым асуджаць. Ён прыняў ад Бога праз самога Хрыста Духа еднасці, які адкрывае сэрца для новай праўды і сапраўднай навізны. Хто не прымае гэтага Духа, той хутка старэе ў нараканнях; ён застаецца адзін, і ягоная душа ніколі не святкуе. Сёння ж, дарагія браты і сёстры, свята! Свята Бога – гэта наша свята. Менавіта таму святы Павел піша да Карынцянаў: “Урэшце, браты, радуйцеся, будзьце дасканалымі, суцяшайцеся, будзьце аднадумцамі, жывіце ў спакоі, і Бог любові і спакою будзе з вамі”, - сказаў ён.

“А зараз у малітве “Анёл Панскі” давайце звярнемся да Панны Марыі: няхай у Яе “так” Божай волі расквітнее і наша “так” любові Найсвяцейшай Тройцы”, - завяршыў нядзельнае разважанне Папа.
 

31 мая 2026, 12:10

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >