Пошук

Леў XIV падчас "Анёл Панскі" Леў XIV падчас "Анёл Панскі"  (@Vatican Media)

Анёл Панскі: мудрасць Хрыста – школа свабоды

Леў XIV падчас нядзельнай малітоўнай сустрэчы ў Ватыкане патлумачыў сутнасць сапраўднай мудрасці Хрыста і заклікаў вернікаў прыняць Яго лёгкае ярмо ды раздзяліць з Ім цяжар крыжа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас нядзельнага разважання перад малітвай "Анёл Панскі", якое прагучала 5 ліпеня 2026 года, Папа звярнуўся да тэмы Евангелля паводле Мацвея (11, 25-30), дзе Езус праслаўляе Айца, які схаваў сваю мудрасць “ад мудрых і разумных і адкрыў яе дзецям”.

Леў XIV адзначыў, што Хрыстус падзяляе хвалу з Айцом, "Панам неба і зямлі", паколькі Божая мудрасць адкрываецца менавіта "малым", пакуль для мудрацоў і дасведчаных яна застаецца схаванай. Паводле слоў Папы, чалавечая мудрасць можа стаць ганарыстасцю, а вучэнне выраджаецца ў пыху, калі людзі напоўнены ўласнымі ідэямі і не прызнаюць прысутнасці Хрыста.

Сапраўдная ж мудрасць Бога адкрываецца ў пакоры, а Яго навучанне звернута да тых, хто больш за ўсё стамляецца і пакутуе.

Ісці за Езусам азначае адказваць на Яго любоў і раздзяляць Яго жыццё аж да крыжа. Папа патлумачыў, што менавіта дар сябе дзеля любові з'яўляецца Хрыстовым "ярмом" і сэрцам Яго мудрасці, палаючай міласэрнасцю да ўсіх. Чаму гэты цяжар крыжа можа быць лёгкім і салодкім? "Праз адзіную прычыну: таму што Пан нясе яго першым і разам з усімі намі, ніколі не пакідаючы нас адных у тым, што нас прыгнятае", - падкрэсліў Папа. Хрыстус бярэ на Сябе параненую злом чалавечнасць, каб паклапаціцца пра яе.

Мудрасць, якую дорыць Хрыстос, становіцца абвяшчэннем збаўлення, а Яго ярмо паднімае чалавека пасля кожнага падзення.

Наш шлях за Хрыстом – гэта школа сапраўднай свабоды, якая сур'ёзна прымае драму гісторыі і заўсёды асвятляе яе сэнс, асабліва ў самыя змрочныя моманты. Толькі ў крыжы Езуса зло адкупляецца, а ў Яго пакутах нашая смяротная стомленасць знаходзіць суцяшэнне і ратунак. "У рабстве Хрыстус – гэта вызваленне. Пад бізуном вайны Хрыстус – гэта надзея. У гадзіну граху Хрыстус – гэта прабачэнне", - звярнуўся Леў XIV.

Гэта і ёсць сапраўдная мудрасць – шлях, які вернікі закліканы прайсці разам, аб'яднаныя як вучні ў Яго імя. Сілай Духа Святога Ён сам выяўляе Касцёлу праўду Бога і чалавека.

Дзякуючы Хрысту за гэты поўны любові давер, Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць аб заступніцтве Марыю, Каралеву Спакою, на карысць Касцёла і ўсяго свету.
 

05 ліпеня 2026, 12:24

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >