Пошук

Леў XIV: шчодрасць Бога змяняе нават камяністую глебу нашых сэрцаў

Бог не перастае сеяць сваё слова, бо ведае, што моц Ягонай любові мацнейшая за нашу слабасць, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 12 ліпеня 2026 года ў Кастэль-Гандольфа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра сейбіта, падкрэсліўшы, што яна “апісвае шчодрасць і давер, з якімі Бог сее сваё Слова ў нашых сэрцах і яго моц у нас”.

“Сам Езус, Уцелаўлёнае Слова, які аддаў жыццё дзеля нашага збаўлення, з’яўляецца зернем, якое Айцец працягвае сеяць у свеце, каб яно, паміраючы, прынесла багаты плён. Праўда, часам яно сустракае ў нас цвёрдую і неадчувальную глебу, іншым разам – безуважлівасць, падобную да ўтаптанай сцежкі, камяністай глебы ці зараснікаў церняў; але бываюць моманты, калі яно знаходзіць успрымальную і ўрадлівую зямлю, і тады адбываюцца цуды любові, здольныя змяніць усё астатняе, што мы, безумоўна, і самі перажылі ў сваім жыцці. Менавіта таму Айцец не перастае сеяць, бо ведае, што моц Ягонай любові мацнейшая за нашу слабасць”, - сказаў Пантыфік.

Леў XIV працытаваў святога Яна Хрызастома, які, кажучы пра “зерне” Божага слова, сцвярджаў: “Ці разумна сеяць сярод церняў, на камяністай глебе, на дарозе? У выпадку з насеннем і зямлёй – гэта было б неразумна, тады як у выпадку з душамі і вучэннем – гэта вельмі пахвальна”, бо для Бога магчыма, каб “камяністае месца перамянілася і стала ўрадлівай зямлёй, каб дарога больш не была ўтаптанай і не заставалася адкрытай для ўсіх, хто праходзіць, а стала добрай глебай, каб церні былі выдаленыя і насенне магло знаходзіцца ў вялікай бяспецы”.

“Шчодрасць Бога ў адносінах да нас не наіўная, а мудрая, і Ён умее заўважаць у нас патэнцыял дабра, якога часам нават мы самі не ўсведамляем. Таму Пан, які добра ведае глебу нашага сэрца – лепш, чым мы самі яе ведаем – не перастае верыць у нас – у тое, кім мы з’яўляемся і кім можам стаць, калі дзень за днём з верай давяраем сябе Яму”, - падкрэсліў Папа.

“Такім чынам, дзякуючы бескарыслівасці і даверу, з якімі сеецца зерне, а таксама дзякуючы пакоры і адкрытасці, з якімі яно прымаецца, у нас узрастаюць і памнажаюцца плады Святога Духа, якімі, як вучыць святы Павел, з’яўляюцца “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць”. Як моцна наш свет патрабуе гэтых пладоў, каб быць імі напоўненым і перамененым!”, - дадаў Святы Айцец.

На завяршэнне разважання Леў XIV даў практычную параду: “Давайце ж будзем намагацца, асабліва ў гэтыя дні адпачынку, даваць месца слуханню, чытанню і разважанню над Божым Словам, спалучаючы адпачынак і здаровыя забавы з важнымі момантамі цішыні і малітвы. Так мы вернемся да нашых звычайных заняткаў, абноўленыя целам і духам, гатовыя абвяшчаць Добрую Навіну Евангелля і ўсё больш здольныя супрацоўнічаць у пашырэнні Божага Валадарства”.
 

12 ліпеня 2026, 12:11

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >