Анёл Панскі: праз Касцёл нашы рукі становяцца рукамі Хрыста
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Другую велікодную нядзелю 12 красавіка 2026 года, якую святы Ян Павел II прысвяціў Божай Міласэрнасці, Леў XIV звярнуўся да вернікаў з глыбокім разважаннем над евангельскай падзеяй сустрэчы апостала Тамаша з Уваскрослым Хрыстом.
Папа заўважыў, што гэта кранальная сцэна, якая адбылася на восьмы дзень пасля Уваскрасення, служыць для кожнага хрысціяніна важным арыенцірам у пошуку Пана. Святы Айцец нагадаў, што Тамаш сустракае Настаўніка менавіта тады, калі супольнасць сабрана разам, і пазнае Яго праз бачныя знакі ахвярнасці – раны ад цвікоў і прабіты бок.
Сустрэча з Уваскрослым заўсёды адбываецца ў сабранай разам супольнасці
Як адзначыў Пантыфік, вера не з’яўляецца нечым статычным, яна патрабуе пастаяннага жыўлення і падтрымкі. Менавіта таму кожную нядзелю Касцёл запрашае сваіх дзяцей паўтараць досвед першых вучняў: збірацца разам для цэлебрацыі Эўхарыстыі.
Асаблівы акцэнт у сваім звароце Святы Айцец зрабіў на сваім апостальскім падарожжы ў Афрыку, якое распачынаецца ў панядзелак 13 красавіка 2026 года. Ён прыгадаў велічны прыклад мучанікаў з Абітэны – хрысціян першых стагоддзяў, якія жылі на афрыканскай зямлі. Калі перад імі паўстаў выбар: захаваць жыццё або адмовіцца ад нядзельнай Эўхарыстыі, яны адказалі, што не могуць жыць без святкавання дня Пана.
Гэта сведчанне паказвае, што менавіта ў нядзельнай сустрэчы нашы абмежаваныя чалавечыя намаганні праз ласку Божую зліваюцца ў адзіны арганізм – Цела Хрыста.
Праз Эўхарыстыю нашы рукі становяцца прыладамі Яго міру
Папа падкрэсліў, што праз удзел у святой Імшы нашы рукі містычным чынам становяцца "рукамі Уваскрослага". Яны закліканы несці суцяшэнне, міласэрнасць і спакой у свет, які сёння так востра патрабуе прымірэння. Гэтыя рукі павінны быць пазнавальныя ў жэстах любові, пяшчоты і салідарнасці, асабліва там, дзе пануюць пакуты ці адзінота.
Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV даручыў усіх прысутных апецы Панны Марыі, просячы Яе дапамогі ў тым, каб быць вернымі і руплівымі сведкамі міру, якія вераць, нават не бачачы фізічна.