Леў XIV падчас нядзельнай марыйнай малітвы Леў XIV падчас нядзельнай марыйнай малітвы   (ANSA)

Анёл Панскі: праз Касцёл нашы рукі становяцца рукамі Хрыста

Пантыфік падчас нядзельнай сустрэчы нагадаў пра важнасць Эўхарыстыі як крыніцы міру і адзінства, што асабліва важна напярэдадні яго візіту на афрыканскі кантынент.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У Другую велікодную нядзелю 12 красавіка 2026 года, якую святы Ян Павел II прысвяціў Божай Міласэрнасці, Леў XIV звярнуўся да вернікаў з глыбокім разважаннем над евангельскай падзеяй сустрэчы апостала Тамаша з Уваскрослым Хрыстом.

Папа заўважыў, што гэта кранальная сцэна, якая адбылася на восьмы дзень пасля Уваскрасення, служыць для кожнага хрысціяніна важным арыенцірам у пошуку Пана. Святы Айцец нагадаў, што Тамаш сустракае Настаўніка менавіта тады, калі супольнасць сабрана разам, і пазнае Яго праз бачныя знакі ахвярнасці – раны ад цвікоў і прабіты бок.

Сустрэча з Уваскрослым заўсёды адбываецца ў сабранай разам супольнасці

Як адзначыў Пантыфік, вера не з’яўляецца нечым статычным, яна патрабуе пастаяннага жыўлення і падтрымкі. Менавіта таму кожную нядзелю Касцёл запрашае сваіх дзяцей паўтараць досвед першых вучняў: збірацца разам для цэлебрацыі Эўхарыстыі.

У гэтым сакрамэнце вернікі не проста слухаюць словы Хрыста ці прыгадваюць мінулае, але становяцца ўдзельнікамі Яго жывой прысутнасці, яднаючы свае жыцці з Яго ахвярай. Леў XIV нагадаў, што сама назва "Імша" (“Messa”) паходзіць ад паняцця місіі, бо кожная сустрэча з Хрыстом павінна завяршацца пасланнем верніка ў свет як сведкі Уваскрасення.

Асаблівы акцэнт у сваім звароце Святы Айцец зрабіў на сваім апостальскім падарожжы ў Афрыку, якое распачынаецца ў панядзелак 13 красавіка 2026 года. Ён прыгадаў велічны прыклад мучанікаў з Абітэны – хрысціян першых стагоддзяў, якія жылі на афрыканскай зямлі. Калі перад імі паўстаў выбар: захаваць жыццё або адмовіцца ад нядзельнай Эўхарыстыі, яны адказалі, што не могуць жыць без святкавання дня Пана.

Гэта сведчанне паказвае, што менавіта ў нядзельнай сустрэчы нашы абмежаваныя чалавечыя намаганні праз ласку Божую зліваюцца ў адзіны арганізм – Цела Хрыста.

Праз Эўхарыстыю нашы рукі становяцца прыладамі Яго міру

Папа падкрэсліў, што праз удзел у святой Імшы нашы рукі містычным чынам становяцца "рукамі Уваскрослага". Яны закліканы несці суцяшэнне, міласэрнасць і спакой у свет, які сёння так востра патрабуе прымірэння. Гэтыя рукі павінны быць пазнавальныя ў жэстах любові, пяшчоты і салідарнасці, асабліва там, дзе пануюць пакуты ці адзінота.

Завяршаючы сустрэчу, Леў XIV даручыў усіх прысутных апецы Панны Марыі, просячы Яе дапамогі ў тым, каб быць вернымі і руплівымі сведкамі міру, якія вераць, нават не бачачы фізічна.
 

12 красавіка 2026, 12:07

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >