Пошук

Папа: іерархічны лад Касцёла служыць еднасці і працягу місіі Хрыста

Іерархічная структура Касцёла не з’яўляецца чалавечым стварэннем – яна была ўстаноўлена Богам дзеля працягу місіі, якую Хрыстус даручыў выконваць апосталам да сканчэння свету, заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

25 сакавіка 2026 года Леў XIV правёў агульную аўдыенцыю на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб дакументах Другога Ватыканскага Сабору, ён засяродзіўся на тэме іерархічнага вымярэння Касцёла ў святле дагматычнай канстытуцыі “Lumen gentium”.

Жывыя стаўпы містычнага Цела Хрыста

“Каталіцкі Касцёл заснаваны на апосталах, якіх Хрыстус пажадаў зрабіць быццам жывымі стаўпамі свайго містычнага Цела, і мае іерархічнае вымярэнне, якое служыць адзінству, місіі і асвячэнню ўсіх членаў”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што гэты сакральны лад грунтуецца на апосталах, бо яны з’яўляюцца “аўтарытэтнымі сведкамі ўваскрасення Езуса, пасланымі Панам на місію ў свет”. “Паколькі апосталы пакліканы верна захоўваць збаўчае вучэнне Настаўніка, яны перадалі сваё служэнне іншым, якія, як іх пераемнікі ў пастырскай місіі, працягваюць асвячаць, весці і настаўляць Касцёл аж да вяртання Хрыста”, - дадаў ён.

Працяг місіі апосталаў

Святы Айцец заўважыў, што пра гэту апостальскую сукцэсію, заснаваную на Евангеллі і Традыцыі, гаворыцца ў трэцім раздзеле канстытуцыі “Lumen gentium”, прысвечаным іерархічнаму ладу Касцёла і епіскапату.

“Сабор вучыць, што іерархічная структура не з’яўляецца чалавечым стварэннем, што служыць унутранай арганізацыі Касцёла як сацыяльнага арганізма, але боскай установай, прызначанай для працягу місіі, якую Хрыстус даручыў выконваць апосталам да сканчэння свету”, - падкрэсліў Пантыфік.

Асаблівае заданне службовага святарства

Па словах Папы, той факт, што гэта тэма разглядаецца ў трэцім раздзеле саборнага дакумента, пасля таго як першыя два раздзелы былі прысвечаны сутнасці Касцёла, не азначае, што іерархічная структура з’яўляецца пазнейшым элементам, чым Божы народ.

Згодна з канстытуцыяй “Lumen gentium”, службовае або іерархічнае святарства адрозніваецца ад агульнага святарства вернікаў “не толькі ступенню, але і сутнасцю”, аднак “яны ўзаемна падпарадкаваны, бо кожнае асаблівым чынам удзельнічае ў адзіным святарстве Хрыста”, - сказаў ён.

“Прыметнікам “іерархічны” Сабор жадае ўказаць на сакральнае паходжанне апостальскага служэння, святасць якога вынікае з дзейнасці Езуса, Добрага Пастыра, а таксама на яго ўнутраныя адносіны. У першую чаргу біскупы, а праз іх прэзбітэры і дыяканы, атрымалі заданні (па-лацінску: munera), якія накіроўваюць іх на служэнне “ўсім, хто належыць да Божага народу”, каб “добраахвотна і ў той жа час паслядоўна ідучы да той самай мэты, дасягнулі збаўлення”, - сказаў Святы Айцец.

Калегіяльныя характар апостальскай місіі

“Lumen gentium” неаднаразова нагадвае пра калегіяльны і абшчынны характар гэтай апостальскай місіі, падкрэсліваючы, што “абавязак, які Пан даручыў пастырам свайго народу, – гэта сапраўднае служэнне, красамоўна названае ў Святым Пісанні “дыяконіяй”, або служэннем”. Так становіцца зразумелым, чаму святы Павел VI казаў пра іерархію як пра “рэальнасць, народжаную з любові Хрыста для спаўнення, распаўсюджвання і забеспячэння некранутай і плённай перадачы скарбу веры, прыкладаў, прадпісанняў, харызматаў, якія Хрыстус пакінуў свайму Касцёлу”, - дадаў Леў XIV.

“Дарагія браты і сёстры, давайце будзем маліцца да Пана, каб паслаў свайму Касцёлу слугаў, палаючых евангельскай любоўю, адданых дабру ўсіх ахрышчаных і мужных місіянераў ва ўсіх частках свету”, - завяршыў катэхезу Папа.
 

25 сакавіка 2026, 10:42

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >