Папа: кожны ахрышчаны пакліканы паслядоўна вызнаваць веру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 18 сакавіка 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Леў XIV працягнуў цыкл катэхез, прысвечаны дакументам Другога Ватыканскага Сабора. Ён у чарговы раз засяродзіў ўвагу на дагматычнай канстытуцыі “Lumen gentium”, якая кажа пра Касцёл як пра Божы Народ.
Агульная місія ахрышчаных
Пантыфік нагадаў, што “месіянскі народ атрымлівае ад Хрыста ўдзел у святарскай, прароцкай і каралеўскай справе, у якой спаўняецца Яго збаўчая місія”.
“Гэта агульнае святарства вернікаў дорыцца з хростам, які робіць нас здольнымі пакланяцца Богу ў духу і праўдзе і “вызнаваць перад людзьмі веру, якую атрымалі ад Бога праз пасрэдніцтва Касцёла”. Акрамя таго, дзякуючы сакрамэнту канфірмацыі, або бежмавання, усе ахрышчаныя “яшчэ цясней звязваюцца з Касцёлам, атрымліваюць асаблівую моц Духа Святога і такім чынам яшчэ больш абавязваюцца як праўдзівыя сведкі Хрыста пашыраць веру словам і справай, а таксама абараняць яе”. Гэта пасвячэнне ляжыць у аснове агульнай місіі, якая яднае пасвячаных служыцеляў і свецкіх вернікаў”, - падкрэсліў Папа.
Формы сведчання
Леў XIV заўважыў, што “каралеўскае святарства” ахрышчаных рэалізуецца рознымі спосабамі, якія ўсе скіраваны на наша асвячэнне – перш за ўсё праз удзел у эўхарыстычнай ахвяры, але таксама “праз малітву, аскетызм і дзейсную міласэрную любоў”, з дапамогай якіх мы “сведчым пра жыццё, абноўленае Божай ласкай”.
Кожны ахрышчаны – актыўны суб’ект евангелізацыі
Папа нагадаў таксама, што ўдзельнічаць у прароцкім служэнні Хрыста Божаму народу дапамагае “пачуццё веры”, якое выражаецца ў “згодзе вернікаў”. “З гэтага адзінства, якое захоўвае Настаўніцкі Інстытут Касцёла, вынікае, што кожны ахрышчаны з’яўляецца актыўным суб’ектам евангелізацыі, пакліканым даць паслядоўнае сведчанне пра Хрыста ў адпаведнасці з прарочым дарам, які Пан дорыць усяму свайму Касцёлу”, - сказаў ён.
Разнастайнасць дароў для будавання Касцёла
Пантыфік падкрэсліў, што “Дух Святы, які паходзіць ад Уваскрослага Езуса, размяркоўвае сярод вернікаў кожнага стану асаблівыя ласкі, з дапамогай якіх робіць іх здольнымі і гатовымі здзяйсняць розныя справы і абавязкі, карысныя для абнаўлення і далейшага будавання Касцёла”. Па словах Святога Айца, асаблівым сведчаннем гэтай жыццёвай сілы з’яўляецца кансэкраванае жыццё, якое няспынна прарастае і квітнее дзякуючы дзейнасці Божай ласкі, а таксама розныя касцельныя аб’яднанні – яскравы прыклад разнастайнасці і плённасці духоўных пладоў для будавання Божага народа.
“Давайце абудзім у сабе ўсведамленне і ўдзячнасць за тое, што атрымалі дар быць часткай Божага Народа, а таксама адказнасці, якую гэта прадугледжвае”, - заахвоціў на заканчэнне катэхезы Папа.
