Пошук

Папа: Касцёл – прароцтва еднасці, да якой Бог кліча чалавецтва

Касцёл – месіянскі народ, у якім ёсць месца для ўсіх. Яго члены пакліканы жыць як Божыя дзеці і распаўсюджваць Евангелле ва ўсім свеце, - заўважыў Леў XIV падчас агульнай аўдыенцыі, якая 11 сакавіка 2026 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Гэта вялікі знак надзеі – асабліва ў нашы дні, пазначаныя шматлікімі канфліктамі і войнамі, – ведаць, што Касцёл з’яўляецца народам, у якім у сілу веры супольна існуюць людзі розных нацыянальнасцей, моў і культур. Гэта знак, змешчаны ў самым сэрцы чалавецтва, напамін і прароцтва той еднасці і таго супакою, да якіх Бог Айцец кліча ўсіх сваіх дзяцей”, - падкрэсліў Папа, працягваючы знаёміць з дакументамі Другога Ватыканскага Сабора. Ён прысвяціў катэхезу тэме Божага народа ў дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл “Lumen gentium”.

Народ Абрагама, выбраны Богам

Папа нагадаў, што Бог, які стварыў свет і жадае збавіць кожнага чалавека, пачаў сваю справу збаўлення ў гісторыі, выбраўшы канкрэтны народ і жывучы ў ім: Ён паклікаў Абрагама, паабяцаў яму вялікае патомства, заключыў запавет з яго сынамі, вызваліўшы іх з няволі, а потым суправаджаў гэты народ і клапаціўся пра яго. Таму “тоеснасць гэтага народа вызначана дзеяннем Бога і верай у Яго”. Ён быў пакліканы стаць “святлом для іншых народаў, як маяк, што прыцягвае да сябе ўсіх людзей, усё чалавецтва”.

Касцёл – Божы народ, аб’яднаны верай у Хрыста

“Аднак усё гэта адбылося як падрыхтоўка і як правобраз таго новага і дасканалага запавету, які мусіў быць заключаны ў Хрысце”, - нагадаў Пантыфік словы канстытуцыі “Lumen gentium”. Ён падкрэсліў, што Хрыстус, у дары свайго Цела і сваёй Крыві, збірае ў сабе народ, які цяпер складаецца з людзей розных нацыянальнасцей, злучаных верай у Яго.

“Гэта і ёсць Касцёл: Божы народ, які чэрпае сваё існаванне з Цела Хрыста і сам з’яўляецца Целам Хрыста. Ён не з’яўляецца такім народам, як іншыя, але Божым народам, скліканым Ім і ўтвораным з людзей, што паходзяць з усіх народаў Зямлі. Ён аб’яднаны не на аснове мовы, культуры ці этнасу, а на аснове веры ў Хрыста: таму Касцёл – згодна з выразам Сабора – “супольнасць тых, хто з верай глядзіць на Езуса”, - сказаў Святы Айцец.

Месіянскі народ Божых дзяцей

Папа заўважыў таксама, што Касцёл – гэта месіянскі народ, бо яго галавой з’яўляецца Хрыстус – Месія. “Тыя, хто яго складаюць, не хваляцца заслугамі ці тытуламі, а толькі дарам быцця, у Хрысце і праз Хрыста, сынамі і дочкамі Бога”, - адзначыў Пантыфік.

Леў XIV падкрэсліў, што ўсе хрысціяне, незалежна ад пасад і функцый, павінны імкнуцца жыць як Божыя дзеці. “Мы знаходзімся ў Касцёле, каб няспынна атрымліваць жыццё Айца і жыць як Яго дзеці і браты паміж намі. Закон, які ажыўляе адносіны ў Касцёле – гэта любоў, якую мы атрымліваем і перажываем у Езусе, а яго мэта – Божае Валадарства, да якога Касцёл крочыць разам з усім чалавецтвам”, - сказаў ён.

Народ, адкрыты на тых, хто яшчэ не прыняў Евангелле

Папа адзначыў, што “Касцёл, аб’яднаны ў Хрысце, Пану і Збаўцы кожнага чалавека, ніколі не можа быць замкнёным у сабе, але павінен быць адкрытым на ўсіх і для ўсіх”. “Хоць да яго належаць тыя, хто верыць у Хрыста, Сабор нагадвае, што “да новага Божага народу пакліканы ўсе людзі. Таму гэты народ, застаючыся адным, павінен пашырацца на ўвесь свет і ва ўсе вякі, каб здзейсніць волю Бога, які ад пачатку стварыў адну чалавечую натуру і вырашыў нарэшце сабраць сваіх рассеяных дзяцей у адно”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што нават тыя, хто яшчэ не прыняў Евангелля, па рознаму звязаны з Божым народам, а Касцёл, супрацоўнічаючы ў місіі Хрыста, пакліканы распаўсюджваць Евангелле ўсюды і ўсім, каб кожны мог увайсці ў кантакт з Хрыстом.

У Касцёле павінна быць месца для ўсіх

“Гэта значыць, што ў Касцёле ёсць і павінна быць месца для ўсіх, што кожны хрысціянін пакліканы абвяшчаць Евангелле і даваць сведчанне ў кожным асяроддзі, у якім жыве і дзейнічае. Менавіта так гэты народ дэманструе сваю каталіцкасць, прымаючы багацце і рэсурсы розных культур, а ў той жа час дорачы ім навіну Евангелля, каб ачысціць і ўзвысіць іх”, - дадаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што “у такім сэнсе Касцёл – адзіны, але ўключае ўсіх”.
 

11 сакавіка 2026, 10:26

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >