Папа: Біблія – гэта жывое слова, што наталяе смагу праўды

Падчас агульнай аўдыенцыі 11 лютага 2026 года Леў XIV прысвяціў сваю катэхезу непарыўнай сувязі паміж Святым Пісаннем і Касцёлам, называючы Біблію “хлебам жыцця” для кожнага верніка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец засяродзіў увагу на вучэнні Другога Ватыканскага Сабора, нагадваючы, што Касцёл заўсёды шанаваў Божае Слова гэтак жа, як і Цела Пана. Пантыфік падкрэсліў, што Біблія нарадзілася ў народзе Божым пад натхненнем Духа Святога і менавіта ў супольнасці вернікаў яна знаходзіць сваю сапраўдную прастору для раскрыцця глыбокага сэнсу.

Дыялог паміж Богам і чалавекам

Леў XIV нагадаў знакамітыя словы святога Гераніма аб тым, што няведанне Пісання ёсць няведаннем самога Хрыста. Паводле слоў Папы, чытанне Бібліі павінна стаць для нас не проста інтэлектуальным заняткам, а шчырым дыялогам з Створцам, які звяртаецца да людзей як да сваіх сяброў. Сапраўдная інтэрпрэтацыя Бібліі магчыма толькі праз веру Касцёла, узорам якой з’яўляецца “так” Панны Марыі.

Пантыфік адзначыў, што ў свеце, напоўненым пустымі словамі, толькі Божае Слова здольнае даць адказ на наш пошук сэнсу і ісціны. Яно заўсёды застаецца новым і невычэрпным, адкрываючы таямніцу Бога і падтрымліваючы хрысціянскую супольнасць у яе штодзённым жыцці.

Слова, якое заклікае да місіі

Асаблівую ролю Святое Пісанне адыгрывае ў літургіі і сакрамэнтах, дзе вернікі “п’юць з гэтай крыніцы”. Папа заклікаў біскупаў, святароў, дыяканаў і катэхетаў быць правадырамі гэтага Слова, каб яно даходзіла да кожнага верніка і наталяла яго шлях веры.

Завяршаючы катэхезу, Леў XIV заклікаў адкрыць сэрцы і розум для прыняцця гэтага дару, памятаючы, што ўсе тэксты Святога Пісання абвяшчаюць асобу Езуса Хрыста – жывое Слова Айца, якое прыносіць збаўленне ўсяму чалавецтву.
 

11 лютага 2026, 10:29

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >