Пошук

Папа: Другі Ватыканскі Сабор – пуцяводная зорка на шляху Касцёла

На агульнай аўдыенцыі 7 студзеня 2026 года Леў XIV распачаў новы цыкл катэхез, прысвечаны Другому Ватыканскаму Сабору, заклікаўшы вернікаў зноў звярнуцца да яго дакументаў як да жывой і актуальнай спадчыны, здольнай асвятляць шлях Касцёла.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец запрасіў вернікаў звярнуцца да гэтай найважнейшай касцёльнай падзеі, каб “зноў адкрыць для сябе яе прыгажосць і важнасць”. Ён нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ, які напрыканцы Юбілею 2000 года назваў Другі Ватыканскі Сабор “вялікай ласкай, якую атрымаў Касцёл у XX стагоддзі".

У 2025 годзе, разам з гадавінай Нікейскага Сабору, Касцёл адзначыў і 60-годдзе Другога Ватыканскага Сабору. Леў XIV адзначыў, што хаця з таго часу мінула не так шмат гадоў, пакаленне біскупаў, тэолагаў і вернікаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ім, ужо адышло. Таму сёння асабліва важна зноў наблізіцца да Сабору і зрабіць гэта не праз “чуткі” ці інтэрпрэтацыі, а з дапамогай разважлівага чытання дакументаў. Вучэнне Сабору застаецца “палярнай зоркай” на шляху Касцёла. Як казаў Бэнэдыкт XVI, з цягам часу дакументы Сабору не страцілі актуальнасці і застаюцца важнымі для новых інстанцый Касцёла і глабалізаванага грамадства.

Пантыфік нагадаў, што 11 кастрычніка 1962 года, адкрываючы Сабор Папа Ян XXIII, назваў яго світанкам для ўсяго Касцёла. Праца саборных айцоў з усіх кантынентаў адкрыла шлях для новага этапу касцёльнага жыцця. Сабор дапамог Касцёлу наноў адкрыць аблічча Бога як Айца, які ў Хрысце заклікае нас быць Яго дзецьмі; паказаў Касцёл у святле Хрыста – святла народаў – як таямніцу камуніі і сакрамэнт еднасці Бога з Яго народам; распачаў важную літургічную рэформу, паставіўшы ў цэнтр таямніцу збаўлення і свядомы ўдзел усяго народа Божага.

Адначасова Другі Ватыканскі Сабор дапамог Касцёлу адкрыцца свету, зразумець знакі часу і ўступіць у дыялог з сучаснасцю. Касцёл, які жадае ўзяць у абдымкі ўсё чалавецтва, пакліканы стаць рэхам надзей і трывог народаў і супрацоўнічаць у пабудове больш справядлівага і братэрскага грамадства, - нагадаў Святы Айцец.

Дзякуючы Другому Ватыканскаму Сабору Касцёл дае слова, пасланне, інтэрв'ю, імкнучыся шукаць ісціну шляхам экуменізму, міжрэлігійнага дыялогу і сустрэчы з усімі людзьмі добрай волі, - працытаваў словы святога Паўла VI Пантыфік. Такі дух, такі ўнутраны настрой павінен вызначаць духоўнае жыццё і пастырскую дзейнасць Касцёла і сёння, - адзначыў ён.

Біскуп Альбіна Лучані, будучы Папа Ян Павел І, у пачатку Сабору прароцка пісаў, што найбольшай патрэбай з’яўляецца не столькі рэформа арганізмаў, метадаў або структур, колькі глыбейшая і шырэйшая святасць. Папа Францішак казаў, што захаванне спадчыны Сабора дапамагае нам "вярнуць першасць Богу і Касцёлу, які страціў розум ад любові да свайго Пана і да ўсіх людзей, якіх любіць Ён”, - нагадаў Леў XIV.

Святы Айцец падкрэсліў, што словы Паўла VI, сказаныя напрыканцы Сабору, застаюцца актуальнымі і сёння: ён сцвярджаў, што Касцёл пакліканы ісці насустрач чалавецтву і несці яму Добрую Навіну Евангелля. Адкрываючы наноў дакументы Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл адначасова прымае багатую традыцыю сваёй гісторыі і з радасцю выходзіць у сучасны свет, каб абвяшчаць Валадарства Божае – Валадарства любові, справядлівасці і міру, - заключыў Папа.

07 студзеня 2026, 10:47

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >