Пошук

Пантыфік: мы пакліканы абвяшчаць Евангелле ўсім і паўсюль

Абвяшчаць Евангелле і жыць ім ва ўсіх абставінах і асяроддзях, каб яно станавілася закваскай братэрства і міру паміж людзьмі, культурамі, рэлігіямі і народамі, - заклікаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Пасля атрымання хросту, Езус пачаў прапаведаваць і паклікаў першых вучняў – Сымона, названага Пятром, Андрэя, Якуба і Яна. Разглядаючы зблізку гэту сцэну з сённяшняга Евангелля, мы можам задацца двума пытаннямі: першае – пра час, у які Езус пачаў місію, другое – пра месца, якое Ён выбраў для прапаведавання і паклікання апосталаў”, - сказаў Леў XIV, звяртаючыся да пілігрымаў, турыстаў і жыхароў Рыма, якія апоўдні 26 студзеня 2026 года сабраліся на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, каб памаліцца разам з ім.

Неспрыяльны час

“У першую чаргу евангеліст кажа нам, што Езус даў пачатак свайму прапаведаванню “калі пачуў, што Яна зняволілі”. Такім чынам, як здаецца, гэта адбылося не ў найлепшы момант: Хрысціцель быў толькі што зняволены, і таму кіраўнікі народа былі мала гатовыя прыняць навіну Месіі. Гаворка ідзе пра час, які раіць быць асцярожнымі, але менавіта ў гэтай сітуацыі Езус пачынае несці святло добрай навіны, абвяшчаючы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”, - заўважыў Пантыфік.

Патрэба ў рызыцы даверу

Папа адзначыў, што “таксама ў нашым асабістым і касцельным жыцці часам з прычыны ўнутранага супраціву ці абставін, якія не лічым спрыяльнымі, мы думаем, што цяпер не адпаведны момант, каб абвяшчаць Евангелле, прыняць рашэнне, зрабіць выбар, змяніць сітуацыю”.

“Рызыка заключаецца ў тым, каб загразнуць у нерашучасці ці стаць нявольнікамі празмернай асцярожнасці, у той час як Евангелле патрабуе ад нас рызыкі даверу: Бог дзейнічае ў кожны момант, і кожны момант добры для Пана, нават калі мы не адчуваем сябе гатовымі ці сітуацыя нам не здаецца найлепшай”, - сцвердзіў ён.

Евангелле абвяшчаецца ва ўсіх абставінах і асяроддзях

Леў XIV заўважыў, што евангельскае апавяданне дазваляе нам таксама ўбачыць месца, адкуль Езус пачаў сваю публічную місію: “Ён, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме”.

“Ён усё ж застаўся ў Галілеі – тэрыторыі, населенай у першую чаргу язычнікамі, якая з гандлёвых прычын была таксама зямлёй транзіту і сустрэч; можам сказаць, што гэта была шматкультурная тэрыторыя, праз якую праходзілі людзі рознага паходжання і рэлігійнай прыналежнасці. Так Евангелле кажа нам, што Месія паходзіць з Ізраіля, але пераадольвае межы ўласнай зямлі, каб абвяшчаць Бога, які стаў блізкім да ўсіх, які не выключае нікога, які не прыйшоў толькі для чыстых, але ўваходзіць у людскія сітуацыі і адносіны. Таму таксама і мы, хрысціяне, павінны перамагаць спакусу закрытасці: Евангелле трэба абвяшчаць і трэба ім жыць ва ўсіх абставінах і асяроддзях, каб яно станавілася закваскай братэрства і міру паміж людзьмі, культурамі, рэлігіямі і народамі”, - сказаў Папа.

Кожны час і кожнае месца наведаныя Панам

“Браты і сёстры, як першыя вучні, мы пакліканы прыняць пакліканне Пана з радасцю ведання таго, што кожны час і кожнае месца нашага жыцця наведаныя Ім і прасякнутыя Яго любоўю. Давайце папросім Панну Марыю, каб адарыла нас гэтым унутраным даверам і суправаджала на шляху”, - заклікаў на заканчэнне разважання Пантыфік.
 

25 студзеня 2026, 12:10

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >