Пошук

Святы Айцец: вызнаўцы, якіх шукае Бог – людзі міру

Езус – адказ Бога на нашу смагу. Трэба дапамагчы людзям знайсці гэту духоўную крыніцу, - сказаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, якая прайшла 8 сакавіка 2026 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік заўважыў, што “дыялог паміж Езусам і самаранкай, аздараўленне сляпога ад нараджэння і ўваскрасенне Лазара ад самых першых стагоддзяў гісторыі Касцёла асвятляюць шлях тых, хто на Вялікдзень прыме хрост і распачне новае жыццё”.

“Гэтыя вялікія старонкі Евангелля, якія мы чытаем, пачынаючы з гэтай нядзелі, прызначаныя для катэхуменаў, але адначасова іх зноў слухае ўся супольнасць, бо яны дапамагаюць стаць хрысціянамі або, калі ўжо з’яўляемся імі, быць хрысціянамі яшчэ больш праўдзіва і радасна”, - сказаў на пачатку разважання Папа.

Колькі людзей ва ўсім свеце шукаюць духоўную крыніцу!

“Езус – гэта адказ Бога на нашу смагу. Як Ён сам сказаў самаранцы, сустрэча з Ім абуджае ў глыбіні кожнага “крыніцу вады, якая цячэ ў жыццё вечнае”. “Колькі людзей ва ўсім свеце яшчэ сёння шукаюць гэтую духоўную крыніцу!”, - заўважыў Святы Айцец, запэўніваючы, што “няма лепш выкарыстаных сіл, чым тыя, якія прысвячаем вызваленню сэрца”, каб гэта крыніца магла струменіцца, і менавіта для гэтага нам дадзены перыяд Вялікага посту.

Наследаваць прыклад Хрыста

Пантыфік заклікаў вернікаў дапамагчы іншым людзям наблізіцца да крыніцы жывой вады веры, наследуючы прыклад Хрыста падчас сустрэчы з самаранкай: згодна з тагачаснымі звычаямі яе трэба было проста ігнараваць, але Езус слухаў яе і размаўляў з ёй без пагарды.

“Колькі людзей шукаюць у Касцёле такой жа самай ласкавасці і адкрытасці! І як цудоўна, калі мы губляем адчуванне часу, каб падзяліцца ўвагай з тымі, каго сустракаем, прымаючы іх такімі, якімі яны ёсць. Езус нават забыў пра ежу, настолькі Яго насычала Божае жаданне дасягнуць глыбіні кожнага”, - нагадаў Папа.

Распаўсюджванне веры

Леў XIV заўважыў, што пасля сустрэчы з Хрыстом самаранка сама пачала распаўсюджваць Евангелле. “Дзякуючы яе сведчанню многія пагарджаныя і адрынутыя з яе вёскі выходзілі насустрач Езусу, і таксама ў іх вера струменілася як чыстая вада”, - дадаў ён.

Вызнаўцы, якіх шукае Бог – людзі міру

“Давайце сёння папросім Марыю, Маці Касцёла, каб мы маглі служыць – разам з Езусам і як Езус – чалавецтву, якое прагне праўды і справядлівасці. Цяпер не час для супрацьпастаўленняў паміж адной святыняй і другой, паміж “намі” і “іншымі”: вызнаўцы, якіх шукае Бог – гэта мужчыны і жанчыны міру, якія пакланяюцца Яму ў Духу і праўдзе”, - завяршыў нядзельнае разважанне Святы Айцец.
 

08 сакавіка 2026, 12:09

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >