Анёл Панскі: Перамяненне Пана – антыдот ад агнастычнай адзіноты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец запрасіў вернікаў паглядзець на евангельскую сцэну на гары Табор як на зіхатлівы абраз. Хрыстус, які стаіць паміж Майсеем і Іллёй, з’яўляецца жывой Мудрасцю, што надае паўнату кожнаму Божаму слову. Усё, што калісьці Пан прамаўляў праз закон і прарокаў, знаходзіць у Езусе сваё канчатковае і дасканалае здзяйсненне.
Божая слава – гэта не шоу, а глыбокі давер
Папа звярнуў увагу на асаблівы характар Божага аб’яўлення: Пан паказвае сваю веліч, якая пераўзыходзіць наша чалавечае разуменне. Апосталы Пётр, Якуб і Ян сузіраюць пакорную славу, якая не імкнецца стаць відовішчам для натоўпу, а праяўляецца як знак блізкасці і глыбокага даверу Бога да чалавека.
Перамяненне Хрыста прадвяшчае велікоднае святло, якое асвятляе кожнае цела, знявечанае насіллем, болем ці галечай. У той час як зло спрабуе ператварыць чалавека ў тавар або безаблічную масу, у Хрысце нашая плоць пачынае зіхацець Божай славай.
Адказ на пустэчу і роспач сучаснага свету
Леў XIV адзначыў, што Збаўца лечыць раны гісторыі, рыхтуючы для нас сапраўдны сюрпрыз збаўлення. На адчай атэізму Нябесны Айцец адказвае дарам свайго Сына, а ад агнастычнай самоты нас ратуе Дух Святы праз жывую супольнасць ласкі. Гэтае святло становіцца для нас апорай, калі нашая ўласная вера пачынае слабець.
Каб па-сапраўднаму адчуць прысутнасць Хрыста, Касцёл заклікае вернікаў знайсці час для цішыні і навяртання. Перыяд Вялікага посту – гэта магчымасць пачуць голас Пана і дазволіць Яму быць побач. Пантыфік завяршыў сваё слова просьбай да Маці Божай, каб Яна дапамагала вернікам упэўнена крочыць шляхам веры.