Пошук

Анёл Панскі: хрост злучае ўсіх людзей у народ Божы

Хрост – гэта святы знак, які застаецца з намі назаўсёды: у цёмныя часы – гэта святло, у жыццёвых канфліктах – прымірэнне, а ў гадзіну смерці – брама нябесная, - сказаў Леў XIV перад малітвай “Анёл Панскі”, якая 11 студзеня 2026 года прайшла ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што свята Хросту Пана пачынае Звычайны літургічны час у Касцёле. У гэты перыяд мы запрошаныя ісці разам з Панам: слухаць Яго Слова і старацца рабіць добрыя ўчынкі для бліжніх. Так мы пацвярджаем і абнаўляем свой хрост – сакрамэнт, які робіць нас хрысціянамі, вызваляе ад граху і ператварае ў дзяцей Божых моцай Святога Духа, які дае жыццё.

Святы Айцец спаслаўся на евангельскі ўрывак пра Хрост Езуса. Калі Ян ахрысціў Яго ў рацэ Ярдан, Езус “убачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго" (Мц 3:16). З нябёсаў чуецца голас Айца, Які кажа: "Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў". Уся Тройца прысутнічае тады ў гісторыі: Сын спускаецца ў ваду Ярдана, Святы Дух спускаецца на Яго і праз Яго дае нам моц збаўлення. “Бог не глядзіць на свет здалёк і не застаецца абыякавым да нашага жыцця, нашых бед і спадзяванняў. Ён прыходзіць да нас праз мудрасць Свайго Слова, якое стала целам, і залучае нас у дзівосны праект любові да ўсяго чалавецтва”, - сказаў Леў XIV.

Вось чаму Ян Хрысціцель здзіўляецца, калі бачыць, што Езус прыйшоў да яго, каб прыняць Хрост. У сваёй святасці Пан хрысціцца, як усе грэшнікі, каб раскрыць бясконцую ласку Божую. Адзінародны Сын Божы прыйшоў, каб служыць, а не панавать, каб ратаваць, а не асуджаць. Ён – Збаўца, які бярэ на сябе тое, што наша, уключаючы грэх, і дорыць нам тое, што Яго: ласку новага і вечнага жыцця.

Хрост – гэта сакрамэнт, які робіць чалавека часткай Касцёла, народа Божага, які складаецца з мужчын і жанчын розных народаў і культур, адроджаных Святым Духам. Папа заклікаў вернікаў у свята Хросту Пана ўспомніць пра вялікі дар, які яны атрымалі, і сведчыць пра яго з радасцю і паслядоўнасцю. Ён заўважыў, што незадоўга да таго ахрысціў немаўлят, якія сталі новымі братамі і сёстрамі ў веры. “Як прыемна святкаваць, як адна сям'я, Божую любоў, якая кліча нас па імені і вызваляе нас ад зла!” – адзначыў Пантыфік.

“Першы з сакрамэнтаў – гэта святы знак, які застаецца з намі назаўжды. У цёмныя гадзіны хрост – гэта святло; у жыццёвых канфліктах – прымірэнне, а ў гадзіну смерці – брама нябесная”, - сцвердзіў Святы Айцец, молячыся Панне Марыі, каб яна штодня падтрымлівала нашу веру і місію Касцёла.

11 студзеня 2026, 12:28

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >