Леў XIV: падзякуем Богу за дары, атрыманыя на працягу года
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік нагадаў, што мінулы год быў пазначаны мноствам радасных падзей, такіх як пілігрымка ў Рым шматлікіх вернікаў з нагоды Юбілею, але таксама і балючых – адышоў у вечнасць Папа Францішак, а войны працягваюць хваляваць планету.
“Касцёл запрашае нас пакласці ўсё перад Панам, даверыўшыся Яго Провіду і просячы Яго, каб у нас і вакол нас аднавіліся ў надыходзячыя дні цуды Яго ласкі і міласэрнасці”, - дадаў Святы Айцец.
Падзяка за дары і рахунак сумлення
Папа заўважыў, што ў гэту дынаміку ўпісваецца традыцыя ўрачыстага гімну “Te Deum”, якім увечары Касцёл будзе дзякаваць Богу за атрыманыя дары і праслаўляць Яго.
Леў XIV заклікаў з духам удзячнасці і праслаўлення паразважаць пра ўсё, што Пан зрабіў для нас на працягу года, а таксама правесці рахунак сумлення, каб ацаніць, наколькі мы добра адказалі на Яго дары, і папрасіць прабачэння за ўсе тыя моманты, калі не здолелі належным чынам скарыстаць Яго натхненні і таленты, якія Ён нам даручыў.
Падарожжа на сустрэчу з Богам
Па словах Папы, Юбілей, якому ўласціва пілігрымаванне да мэты, дапамагае лепш зразумець, што ўсё жыццё чалавека – гэта падарожжа, апошняя мэта якога пераўзыходзіць прастору і час і спаўняецца ў сустрэчы з Богам і ў поўнай і вечнай еднасці з Ім.
Увайсці ў новае жыццё
У такім эсхаталагічным святле ён заклікаў паглядзець на праход праз Святую Браму, які пілігрымы здзяйснялі, молячыся і атрымліваючы адпуст для сябе і сваіх блізкіх.
Гэты жэст сімвалізуе нашу згоду прыняць запрашэнне Бога атрымаць прабачэнне і перакрочыць парог новага жыцця, ажыўлёнага Божай ласкай, сфармаванага згодна з Евангеллем і запаленага любоўю да кожнага чалавека. “Гэта наша “так” жыццю, якое пражываецца з клопатам у сучаснасці і скіраванае да вечнасці”, - дадаў Святы Айцец, запэўніўшы вернікаў у тым, што Бог, які ўцелавіўся ў Езусе Хрысце і з’яўляецца Любоўю, суправаджае нас на гэтым шляху.
