Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
НЕШПАРЫ НА ЛАЦІНСКАЙ МОВЕ
Расклад Падкасты

Францішак падзяліўся ўражаннямі ад візіту ў краіны Азіі і Акіяніі

“Думаючы пра Касцёл, мы дагэтуль занадта еўропацэнтрычныя, як кажуць “заходнія”. Насамрэч, Касцёл нашмат большы і больш жывы”, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 18 верасня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец падзяліўся ўражаннямі ад свайго нядаўняга візіту ў краіны Азіі і Акіяніі, які здзейсніў з 2 па 13 верасня 2024 года. Пантыфік нагадаў, што першым Папам, які “паляцеў насустрач сонцу, якое нараджаецца”, быў Павел VI: у 1970 годзе ён наведаў Філіпіны і Аўстралію, спыняючыся таксама ў некаторых азіяцкіх краінах і на астравах Самоа.

Францішак заўважыў, што імкнуўся наследаваць прыклад свайго папярэдніка, але, будучы крыху старэйшым за яго, абмежаваўся чатырма краінамі: Інданезіяй, Папуа-Новай Гвінеяй, Усходнім Тыморам і Сінгапурам. “Дзякую Пану, што дазволіў мне здзейсніць у старасці тое, што я марыў зрабіць, будучы маладым езуітам!”, - сказаў ён.

Першай думкай Святога Айца пасля вяртання было тое, што “думаючы пра Касцёл мы дагэтуль занадта еўропацэнтрычныя, як кажуць “заходнія”. “Насамрэч, Касцёл нашмат большы і больш жывы”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што мог асабіста пераканацца ў гэтым, слухаючы сведчанні святароў, манахінь, свецкіх вернікаў, асабліва катэхетаў.

Гаворачы пра інданезійскі этап свайго падарожжа, Францішак нагадаў, што хрысціяне ў гэтай краіне складаюць каля 10 працэнтаў насельніцтва, а католікі – толькі 3. Тым не менш, мясцовы Касцёл актыўны, дынамічны, здольны жыць Евангеллем і перадаваць яго, маючы добрыя адносіны з мусульманскай большасцю. “Я ўбачыў там, што братэрства – гэта будучыня, гэта адказ на анты-цывілізацыю, на д’ябальскія падкопы нянавісці і вайны”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа расказаў, што падчас візіту ў Папуа-Новую Гвінею, ён змог убачыць “прыгажосць місіянерскага Касцёла, які выходзіць насустрач людзям”. Ён заўважыў, што насельніцтва гэтага архіпелагу ў Ціхім Акіяне размаўляе на больш чым 800 мовах, таму гэта “ідэальнае месца для Святога Духа, якому падабаецца разносіць пасланне Любові ў сімфоніі моў”. Францішак згадаў пра сваю сустрэчу з місіянерамі і катэхетамі, а таксама прызнаўся, што быў крануты спевамі і музыкай у выкананні мясцовай моладзі.

“У іх я ўбачыў будучыню без племянной варожасці, без залежнасцей, без эканамічнай і ідэалагічнай каланізацыі; будучыню братэрства і клопату пра цудоўнае навакольнае асяроддзе. Папуа-Новая Гвінея можа быць “майстэрняй” гэтай мадэлі цэласнага развіцця, ажыўленага “закваскай” Евангелля, бо не можа быць новага чалавецтва без новых мужчын і жанчын, а іх стварае толькі Пан”, - дадаў Пантыфік.

Гаворачы пра свой візіт ва Усходні Тымор, Францішак заўважыў, што ў гісторыі гэтай краіны асаблівым чынам праяўляецца “сіла хрысціянскага паслання, накіраваная на прасоўванне чалавека і грамадства”. Ён нагадаў, што мясцовы Касцёл суправаджаў шлях тыморскага народа да незалежнасці, заўсёды скіроўваючы яго да супакою і прымірэння.

“Гаворка не ідзе пра ідэалагізацыю веры, а пра веру, якая становіцца культурай і адначасова асвячае яе, ачышчае і ўздымае. Таму я адзначыў плённыя адносіны паміж верай і культурай, на што ўжо звяртаў увагу падчас свайго візіту святы Ян Павел ІІ. Але ў першую чаргу я быў уражаны прыгажосцю народа: народа, які спазнаў выпрабаванні, але застаецца радасным, народа, мудрага ў пакутах”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што жыхары Усходняга Тымора не толькі нараджаюць шмат дзяцей, але таксама вучаць іх усміхацца, а “гэта гарантыя будучыні”. “Адным словам ва Усходнім Тыморы я ўбачыў маладосць Касцёла: сем’і, дзеці, моладзь, шмат семінарыстаў і людзей, якія рыхтуюцца да кансэкраванага жыцця”, - сказаў ён.

Апошнім этапам падарожжа Папы быў Сінгапур: краіна, якая вельмі адрозніваецца ад іншых сваёй сучаснасцю і з’яўляецца важным эканамічным і фінансавым цэнтрам Азіі і ўсяго свету. “Хрысціяне там з’яўляюцца меншасцю, але ўтвараюць вельмі актыўны Касцёл, які намагаецца ствараць гармонію і братэрства паміж рознымі народамі, культурамі і рэлігіямі. У багатым Сінгапуры таксама ёсць “малыя”, якія наследуюць Евангелле і становяцца соллю і святлом, сведкі надзеі, яшчэ большай за тую, якую можа гарантаваць эканамічны прыбытак”, - сказаў Францішак.

На заканчэнне свайго аповеду Святы Айцец падзякаваў за гасціннасць уладам краін, якія наведаў, а таксама пажадаў, каб Бог благаславіў іх народы і вёў па шляхах міру і братэрства.
 

18 верасня 2024, 10:15

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930