Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Allegro - Presto
Расклад Падкасты

Святы Айцец: моры і пустыні не павінны быць могілкамі

Давайце злучым сэрцы і сілы, каб моры і пустыні былі не могілкамі, а месцамі, дзе Бог можа адкрыць шлях свабоды і братэрства, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 28 жніўня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец прапанаваў замест традыцыйнай катэхезы, “падумаць пра людзей, якія ў гэты момант пераадольваюць моры і пустыні, каб дасягнуць зямлі, дзе змогуць жыць у міры і бяспецы”.

Мора і пустыня: гэтыя два словы часта паўтараюцца ў шматлікіх сведчаннях, якія я атрымліваю, як ад мігрантаў, так і ад людзей, што намагаюцца дапамагаць ім. Калі я кажу “мора” ў кантэксце міграцыі, я маю на ўвазе таксама акіян, возера, раку, усе каварныя масы вады, якія браты і сёстры ў розных частках свету вымушаны пераадольваць, каб дасягнуць сваёй мэты. Пустыня ж – гэта не толькі пясок, дзюны ці скалы, але таксама ўсе тыя цяжкапраходныя і небяспечныя тэрыторыі, такія як лясы, джунглі, стэпы, дзе мігранты ідуць у адзіночку, пакінутыя самім сабе. Сённяшнія міграцыйныя маршруты часта пралягаюць праз моры і пустыні, якія для многіх, занадта многіх людзей, з’яўляюцца смяротна небяспечнымі. Таму я хачу сёння засяродзіцца на гэтай драме, гэтым болю. Некаторыя з гэтых маршрутаў мы ведаем лепш, таму што яны часта аказваюцца ў цэнтры ўвагі; іншыя, большасць – малавядомыя, але не менш ажыўленыя”, - зазначыў ён.

Францішак нагадаў, што вельмі часта казаў пра Міжземнамор’е, бо з’яўляецца Біскупам Рыма і таму што гэта месца эмблематычнае: mare nostrum (наша мора), месца камунікацыі паміж народамі і цывілізацыямі, ператварылася ў могілкі.

“І трагедыя заключаецца ў тым, што многія, большая частка з гэтых ахвяр, магла быць уратавана. Трэба выразна сказаць: ёсць тыя, хто сістэматычна і ўсякімі сродкамі выштурхоўвае мігрантаў, а гэта, калі здзяйсняецца з свядомасцю і адказнасцю, цяжкі грэх. Давайце не будзем забываць, што кажа Біблія: “Чужаземца не ўціскайце і не прыгнятайце яго” (Зых 22,20). Сірата, удава і чужынец – гэта дасканалыя бедныя, якіх Бог заўсёды абараняе і просіць абараняць”, - дадаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што могілкамі мігрантаў сталі таксама некаторыя пустыні. “Таксама і тут вельмі часта гаворка ідзе не пра памерлых па “натуральных” прычынах... Не. Часам ёсць тыя, хто прывёў іх у пустыню і пакінуў там. У эпоху спадарожнікаў і дронаў ёсць мужчыны, жанчыны і дзеці мігранты, якіх ніхто не павінен бачыць: іх хаваюць Толькі Бог бачыць іх і чуе іх вокліч”, - сказаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што мора і пустыня маюць вялікае сімвалічнае значэнне ў Бібліі. Яны займаюць важнае месца ў гісторыі Зыходу, вялікай міграцыі народа, які Бог вёў праз Майсея з Егіпта ў Абяцаную зямлю. Гэтыя месцы бачылі драму ўцёкаў народа, які бег ад прыгнёту і няволі. Гэта месцы пакут, страху, роспачы, а ў той жа час месцы пераходу да вызвалення, адкуплення, дасягнення свабоды і спаўнення Божых абяцанняў. Папа спаслаўся на некаторыя псальмы, падкрэсліваючы, што, суправаджаючы свой народ на шляху да свабоды, Бог сам пераадольвае моры і пустыні, не застаецца на аддаленасці, а раздзяляе драму мігрантаў, знаходзіцца побач з імі, пакутуе, плача і спадзяецца разам з імі.

“Браты і сёстры, ёсць адна рэч, адносна якой мы можам пагадзіцца ўсе: у гэтых смяротных морах і пустынях сённяшніх мігрантаў быць не павінна. Але мы дасягнём гэтага не праз самыя строгія законы, не праз мілітарызацыю межаў, не праз выштурхоўванне. Мы дасягнём гэтага, пашыраючы шляхі бяспечнага і законнага доступу для мігрантаў, спрашчаючы атрыманне прытулку для тых, хто ўцякае ад вайны, гвалту, пераследу і розных катаклізмаў; мы дасягнём яго, рознымі спосабамі спрыяючы глабальнаму кіраванню міграцыяй, заснаванаму на справядлівасці, братэрстве і салідарнасці; і яднаючы сілы ў змаганні з гандлем людзьмі, каб спыніць злачынных гандляроў людзьмі, якія бязлітасна выкарыстоўваюць беднасць іншых”, - адзначыў Францішак.

Папа выказаў падзяку шматлікімі “Добрым самаранінам”, якія намагаюцца дапамагаць і ратаваць мігрантаў, параненых і пакінутых на шляхах адчайнай надзеі на ўсіх пяці кантынентах. “Гэтыя адважныя мужчыны і жанчыны з’яўляюцца знакам чалавецтва, якое не дазваляе заразіць сябе культурай раўнадушша і адчужэння: мігрантаў забівае наша абыякавасць і адчужэнне. А тыя, хто не можа знаходзіцца разам з ім “на перадавой”, не выключаны з гэтай барацьбы за цывілізаванасць: ёсць і іншыя спосабы зрабіць свой унёсак, перш за ўсё малітва”, - дадаў ён.

“Дарагія браты і сёстры, давайце злучым сэрцы і сілы, каб моры і пустыні былі не могілкамі, а месцамі, дзе Бог можа адкрыць шлях свабоды і братэрства”, - пажадаў на заканчэнне сваёй прамовы Святы Айцец.
 

28 жніўня 2024, 09:56

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930