Экватарыяльная Гвінея чакае Льва XIV як пасланца міру
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Для адзінай іспанамоўнай дзяржавы Афрыкі гэты візіт стане другой у гісторыі сустрэчай з Наступнікам Пятра пасля гістарычнага прыезду святога Яна Паўла II у 1982 годзе.
Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Экватарыяльнай Гвінеі, біскуп дыяцэзіі Мангома Хуан Дамінга Бека Эсона Аянг, падкрэсліў, што вестка аб прыездзе Папы выклікала ў грамадстве хвалю радасці і энтузіязму. Паводле яго слоў, Леў XIV прыбудзе як пасланец міру, каб спрыяць больш глыбокай еднасці як унутры Касцёла, так і на грамадскім узроўні.
Мясцовы Касцёл, які складаецца з пяці дыяцэзій, бачыць у гэтым візіце магчымасць для вырашэння надзённых праблем. Біскуп Бека адзначыў, што краіна, дзе католікі складаюць большасць, сёння патрабуе ўмацавання міру і прынцыпаў справядлівасці.
Гэтая гістарычная падзея супадае са 170-й гадавінай пачатку евангелізацыі мясцовых зямель. Нягледзячы на багатыя традыцыі, Касцёл сутыкаецца з выклікамі секулярызацыі, уплывам сект і аслабленнем перадачы веры ў сем'ях.
На думку старшыні епіскапату, візіт Папы з’яўляецца важным знакам часу для грамадства, дзе вера пачынае "астываць". Менавіта таму вернікі рыхтуюцца да сустрэчы не толькі арганізацыйна, але і духоўна: праз катэхезы і малітву. Біскуп падкрэсліў, што якасць гэтай падрыхтоўкі напрамую паўплывае на тое, наколькі плённа народ прыме ласку, якую Бог пасылае праз Святога Айца.