Епіскапат Экватарыяльнай Гвінеі Епіскапат Экватарыяльнай Гвінеі 

Экватарыяльная Гвінея чакае Льва XIV як пасланца міру

З 21 па 23 красавіка 2026 года Леў XIV наведае Экватарыяльную Гвінею ў межах свайго афрыканскага падарожжа, што стане для краіны часам духоўнага абнаўлення і ўмацавання адзінства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Для адзінай іспанамоўнай дзяржавы Афрыкі гэты візіт стане другой у гісторыі сустрэчай з Наступнікам Пятра пасля гістарычнага прыезду святога Яна Паўла II у 1982 годзе.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Экватарыяльнай Гвінеі, біскуп дыяцэзіі Мангома Хуан Дамінга Бека Эсона Аянг, падкрэсліў, што вестка аб прыездзе Папы выклікала ў грамадстве хвалю радасці і энтузіязму. Паводле яго слоў, Леў XIV прыбудзе як пасланец міру, каб спрыяць больш глыбокай еднасці як унутры Касцёла, так і на грамадскім узроўні.

Мясцовы Касцёл, які складаецца з пяці дыяцэзій, бачыць у гэтым візіце магчымасць для вырашэння надзённых праблем. Біскуп Бека адзначыў, што краіна, дзе католікі складаюць большасць, сёння патрабуе ўмацавання міру і прынцыпаў справядлівасці.

Гэтая гістарычная падзея супадае са 170-й гадавінай пачатку евангелізацыі мясцовых зямель. Нягледзячы на багатыя традыцыі, Касцёл сутыкаецца з выклікамі секулярызацыі, уплывам сект і аслабленнем перадачы веры ў сем'ях.

На думку старшыні епіскапату, візіт Папы з’яўляецца важным знакам часу для грамадства, дзе вера пачынае "астываць". Менавіта таму вернікі рыхтуюцца да сустрэчы не толькі арганізацыйна, але і духоўна: праз катэхезы і малітву. Біскуп падкрэсліў, што якасць гэтай падрыхтоўкі напрамую паўплывае на тое, наколькі плённа народ прыме ласку, якую Бог пасылае праз Святога Айца.
 

12 сакавіка 2026, 11:16