Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец наведае чатыры краіны Афрыкі, Манака і Іспанію

У Ватыкане быў абнародаваны расклад найбліжэйшых Апостальскіх падарожжаў Льва XIV. Святы Айцец мае намер наведаць Манака, чатыры краіны Афрыкі і Іспанію.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала расклад папскіх падарожжаў 25 лютага 2026 года, праз некалькі дзён пасля афіцыйнага абвяшчэння графіка яго пастырскіх візітаў па гарадах Італіі.

Кароткі візіт у Манака

Першае замежнае падарожжа сёлета Пантыфік здзейсніць у Княства Манака – яно адбудзецца 28 сакавіка, у вігілію Вялікага тыдня. Аднадзённы візіт пройдзе ў адказ на шматлікія запрашэнні ўладаў гэтай невялікай еўрапейскай краіны, дзе каталіцтва з’яўляецца афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй.

Дзесяць дзён на афрыканскім кантыненце

Самым доўгім і складаным стане візіт на афрыканскі кантынент. Дзесяцідзённае падарожжа пройдзе з 13 па 23 красавіка. Спачатку Леў XIV прыбудзе на зямлю святога Аўгустына – у Алжыр, дзе наведае гарады Алжыр і Анабу. Затым ён паляціць у Камерун, дзе наведае гарады Яўндэ, Баменду і Дуалу. Папа адправіцца ў англамоўную паўночную частку краіны, дзе ўжо дзесяць гадоў ідзе грамадзянская вайна паміж дзяржаўнымі ўзброенымі сіламі і сепаратыстамі. Пасля Камеруна Пантыфік наведае Анголу з гарадамі Луанда, Мушыма і Саўрыма. Апошнім этапам падарожжа ў Афрыку стане Экватарыяльная Гвінея – адзіная іспанамоўная краіна кантынента, дзе Папа наведае гарады Малаба, Мангома і Бата.

Пілігрымка ў Мадрыд, Барселону і на Канарскія астравы

З 6 па 12 чэрвеня пройдзе пілігрымка Святога Айца ў Іспанію. Спачатку ён адправіцца ў Мадрыд, а потым у Барселону, дзе ўзначаліць урачыстае адкрыццё новай і самай высокай вежы Базілікі Святой Сям’і. Візіт пройдзе ў 100-годдзе смерці архітэктара Антоніа Гаўдзі, гераічнасць цнот якога была абвешчана ў мінулым годзе ў рамках яго беатыфікацыйнага працэсу. З Барселоны Леў XIV адправіцца на Канарскі архіпелаг, дзе наведае астравы Тэнэрыфэ і Гран-Канарыя.
 

25 лютага 2026, 12:01