У Пінску развіталіся з біскупам Казімірам Велікасельцам

12 лютага 2026 года ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылася пахавальная святая Імша ў інтэнцыі спачылага біскупа Казіміра Велікасельца.

Марына Валасар – спецыяльна для Vatican News

Развітацца з іерархам прыбылі шматлікія вернікі, духавенства і манахіні з усёй Беларусі. Напачатку пахавальных набажэнстваў прысутныя памаліліся Ютрань за душу памерлага. Канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка зачытаў спачувальнае пасланне, якое ад імя Папы Льва XIV скіраваў да прысутных кардынал-дзяржсакратар П’етра Паралін.

Руплівец адраджэння каталіцкай веры на нашай зямлі

Затым са сваім словам выступіў біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Ён звярнуўся да ўсіх і яшчэ раз нагадаў жыццёвы шлях спачылага біскупа Казіміра, падкрэсліўшы, што іерарх адважна прайшоў праз перыяд атэістычнага ўціску і ўсе гады служэння быў “нязломным рупліўцам адраджэння каталіцкай веры на нашай зямлі”.


Пахавальную святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі разам з Апостальскім нунцыем у Беларусі Іньяцыё Чэфалія, біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам, а таксама шматлікімі біскупамі і святарамі, якія прыехалі з усіх дыяцэзій Беларусі.

Стараўся захаваць наш народ ад маральнай згубы

Гамілію прамовіў арцыбіскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх падкрэсліў, што Казімір Велікаселец “быў святаром і біскупам паводле сэрца Езуса”: “Жыў Касцёлам, перажываў за яго праблемы, радаваўся дасягненням. Адзначаўся руплівасцю ў выкананні даручаных яму заданняў. Любіў усіх людзей і ахвярна служыў кожнаму чалавеку. Нястомна сеяў Божае Слова ў глебу беларускай зямлі... адраджаў веру, пабудаваў шмат касцёлаў, клапаціўся пра пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, праводзіў шмат рэкалекцый...”


Узгадваючы момант смерці спачылага, Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў, што Бог невыпадкова паклікаў яго менавіта ў 5-ю звычайную нядзелю, калі ў Евангеллі Езус называе хрысціян “соллю зямлі і святлом свету”:“Ён быў соллю хрысціянства, соллю Евангелля. Стараўся захаваць наш народ ад маральнай згубы... У грахоўнай цемры сучаснасці ён быў пражэктарам, які сваімі казаннямі і прыкладам свайго жыцця асвятляў людзям дарогу да Вечнага шчасця”.

Яго жыццё было ціхім Евангеллем

“Яго жыццё было ціхім Евангеллем, напісаным не гучнымі словамі, але простымі жэстамі, вытрываласцю ў малітве і пакліканні, канкрэтнай блізкасцю да святога Божага народу, даручанага яму... Яго жыццё нагадвае нам, што плённасць служэння не вымяраецца лічбамі, але вернасцю, не бачным вынікам, але ўпартасцю і вытрываласцю. Гэта значыць – здольнасцю заставацца дзень за днём з Божым народам, як добры пастыр, які ніколі не пакідае свайго статку. Яго спакойны твар, ціхае слова, далікатная, пакорная, сціплая прысутнасць будуць і надалей прамаўляць да гэтай дыяцэзіі. І магчыма, менавіта цяпер, у момант развітання, мы мацней разумеем, якой моцай была яго пакора, якім святлом была яго лагоднасць, якім дарам для ўсіх нас была яго вернасць...”, - заўважыў у сваім спачувальным слове Апостальскі нунцый у Беларусі Іньяцыё Чэфалія.

Ad maiorem Dei gloriam

Ксёндз Андрэй Рылка ад імя ўсяго духавенства і кансэкраваных асобаў Пінскай дыяцэзіі выказаў падзяку спачыламу іерарху: “Біскупе Казіміру, дзякуем табе за прыклад руплівага пастыра, айца, духоўнага брата, вялікага місіянера і прапаведніка. Дзякуем за тыя нястомныя сотні кіламетраў ад Нароўлі да Дамачава, ад Пінска да Яснай Гары, якія ты праязджаў толькі з адной думкай: Ad maiorem Dei gloriam (“На большую хвалу Божую!”). Дзякуем за тое, што твой біскупскі дэвіз “Няхай станецца воля Твая” быў дэвізам і ў радасці, і ў горы. Дзякуем, што вучыў нас не зважаць на ацэнкі людзей, а толькі на волю Пана. Дзякуем за столькі гадзін тваіх малітваў за нас на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, перад іконамі Маці Божай – Брэсцкай, Лагішынскай, Баранавіцкай, Гомельскай. Дзякуй за тваё частае братэрскае слова, якое многія зараз з нас успамінаюць: “Брат, не ускладняй”.


І яшчэ шмат добрых слоў удзячнасці, пашаны і прызнання было сказана ў адрас спачылага біскупа Казіміра Велікасельца. Пасля святой Імшы і слоў удзельнікаў развітання адбыліся пахавальныя абрады. Затым труну з памерлым пранеслі ад пінскай катэдры да катафалка. Аўтамабіль з памерлым іерархам праводзілі апладысментамі.
 

13 лютага 2026, 09:57